Былая палітзняволеная Марыя Калеснікава распавяла ў інтэрв'ю расійскаму журналісту Юрыю Дудзю аб тым, што лічыць сябе палітычнай актывісткай, аднак не імкнецца ва ўладу.
— Я хутчэй палітычны актывіст, я б так сказала. Таму што палітыкам у Беларусі ты можаш быць толькі тады, калі ты знаходзішся ў Беларусі, - сказала яна.
Пры гэтым палітыкам Марыя назвала лідарку дэмсілаў Святлану Ціханоўскую, якая "зрабіла немагчымыя рэчы":
— Мне здаецца, што ўвесь МЗС проста адпачывае ў параўнанні з тым, якім чынам ёй удалося прадставіць Беларусь на еўрапейскай арэне. Не праходзіць ніводнага буйнога мерапрыемства, дзе б Беларусь нейкім чынам дзякуючы Святлане не гучала, - сказала Калеснікава.
Сябе ж Марыя не лічыць палітыкам, паколькі ў цяперашняй сітуацыі "не можа змагацца за ўладу":
— Мне гэта ў прынцыпе не цікава, нават калі б я знаходзілася ў Беларусі, - падкрэсліла яна, адзначыўшы, што мае намер "выяўляць боль і інтарэсы народа".
На пытанне журналіста, ці ёсць у яе палітычныя амбіцыі і ці бачыць яна сябе на якой-небудзь дзяржпасадзе ў дэмакратычнай Беларусі, Калеснікава сказала:
— Дзяржаўная ўлада мяне не цікавіць наогул і не цікавіла. <…> Вельмі шмат было нейкіх прэтэнзій з боку [беларускіх] уладаў, што я нібыта спрабавала нейкія месцы заняць. Але гэта тое, што мяне не цікавіць зусім.
Я вельмі шаную сваю свабоду, унутраную свабоду, натуральна, і свабоду сваіх дзеянняў. Калі ты знаходзішся ва ўладзе, ты ўсё ж такі знаходзішся ў пэўных рамках і абмежаваннях. І я для сябе зараз не бачу такой формы гэтай улады, якая б мяне цікавіла, - адзначыла яна.
Як вынікае са слоў Калеснікавай, пад абмежаваннямі яна мае на ўвазе, напрыклад, наяўнасць аховы, выкананне дыпламатычнага пратакола і гэтак далей. Пры гэтым Калеснікава не адмаўляе таго, што «выказвае палітычныя погляды».
Крыніца: Зеркало
нг