Беларуская Служба

Улады хочуць мець адбіткі пальцаў беларусаў, якія жывуць за мяжой

05.02.2026 08:22
Закон «Аб змене законаў па пытаннях дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі» пачне дзейнічаць з 1 красавіка 2026 года.
 .
Ілюстрацыйны здымак. nopporn/shutterstock

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны Закон «Аб змене законаў па пытаннях дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі», заўважыла «Люстэрка».

Згодна з дакументам, абавязковая дактыласкапія будзе распаўсюджвацца на іншаземцаў і асоб без грамадзянства, якія падлягаюць дэпартацыі, высылцы або рэадмісіі, а таксама на тых, хто звяртаецца па прытулак, часовую абарону, від на жыхарства ў Беларусі або праходзіць пагранічны кантроль і прызнаны патэнцыяльнай пагрозай нацыянальнай бяспецы.

Пры гэтым прадугледжаны выключэнні для дзяцей да 14 гадоў, асоб старэйшыя за 75 гадоў, дыпламатаў, афіцыйных дэлегацый, а таксама грамадзян Расіі, якія не падлягаюць дэпартацыі або высылцы з Беларусі і не ўключаны ў спіс асоб, якім забаронены або непажаданы ўезд у краіну.

Грамадзян Беларусі старэйшыя за 14 гадоў і маладзейшыя за 75 таксама ўключылі ў пералік абавязковай дактыласкапіі, у тым ліку пры выдачы (абмене) дакументаў, якія сведчаць асобу, – у двух выпадках:

— калі беларус атрымаў замежнае грамадзянства, від на жыхарства ці іншы дакумент замежнай дзяржавы, які «дае права на льготы і іншыя перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі ці нацыянальнай прыналежнасцю», і афіцыйна паведаміў пра гэта дзяржаве;

— калі ён увесь час жыве за межамі Беларусі і стаіць на консульскім уліку.

Праводзіць дактыласкапічную рэгістрацыю такіх грамадзян будуць на тэрыторыі Беларусі.

Таксама ўводзяцца новыя абавязкі для перавозчыкаў. Цяпер кампаніі і ІП, якія займаюцца міжнароднымі аўтобуснымі перавозкамі, абавязаны бясплатна перадаваць даныя аб пасажырах у інфармацыйныя сістэмы Мінтранса. Размова ідзе аб канкрэтным наборы звестак – сюды ўваходзяць прозвішча, імя, грамадзянства пасажыраў, рэквізіты іх дакументаў і білетаў.

Асноўная частка норм, у тым ліку пункт аб дактыласкапіі для беларусаў, якія пастаянна жывуць за мяжой, пачне дзейнічаць з 1 красавіка 2026 года, астатнія – на працягу 2026-2027 гадоў.
яс