Беларускія мытныя органы спынілі спробу ўвозу на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза 154 кілаграмаў псіхатропнага рэчыва «4-ВМС».
Як паведамілі ў мытных органах, польскі грузавы аўтамабіль са схаванай партыяй псіхатропу прыбыў у Беларусь праз пункт пропуску «Казловічы». Для перагрузкі зборнага грузу 44-гадовы грамадзянін Беларусі, які кіраваў фурай, накіраваўся ў пункт пропуску «Брузгі».
Транспартны сродак быў правераны з выкарыстаннем інспекцыйна-надгляднага комплексу. Падчас праверкі са спецыяльна абсталяваных схованак, зробленых у таварах, канфіскавалі забароненае рэчыва.
У рамках аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і неадкладных следчых дзеянняў на тэрыторыі Расіі супрацоўнікі Федэральнай мытнай службы затрымалі трох чалавек, якія маюць дачыненне да арганізацыі злачыннай схемы. У аднаго з затрыманых дадаткова канфіскавалі 6 кілаграмаў гашышу і 20 грамаў какаіну.
Па факце кантрабанды наркатычных сродкаў у асабліва буйным памеры Гродзенская рэгіянальная мытня і ФМС Расіі распачалі крымінальныя справы. Санкцыі адпаведных артыкулаў прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды на тэрмін ад 10 да 20 гадоў.
Псіхатропнае рэчыва «4-ВМС» адносіцца да так званых «дызайнерскіх» наркотыкаў і прысутнічае на нелегальным рынку з 2011 года. Па сваім уздзеянні яно падобна з амфетамінам і МДМА. Па ацэнках, канфіскаваная партыя магла скласці каля 700 тысяч доз, а яе кошт на чорным рынку дасягае 10 мільёнаў долараў ЗША.
ав