Беларуская Служба

Офіс Святланы Ціханоўскай пашырае сваю прысутнасць у Польшчы

07.02.2026 10:46
Цяпер адбываюцца сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай супольнасці, а таксама падрыхтоўка фізічнай прасторы да пачатку працы.
Ілюстрацыйнае фотаhttps://t.me/tsikhanouskaya

На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская распачала працу ў Варшаве, дзе неўзабаве адкрыецца Офіс Святланы Ціханоўскай, які будзе працаваць як у Варшаве, так і ў Вільні. У Варшаву пераедзе частка каманды, у прыватнасці тыя, хто валодае польскай мовай і добра ведае польскі кантэкст — галоўны дарадца Франак Вячорка і старэйшы дарадца Аляксандр Дабравольскі, што дапаможа ўзмацніць нашыя стасункі з Польшчай. Цяпер адбываюцца сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай супольнасці, а таксама падрыхтоўка фізічнай прасторы да пачатку працы.

Разам з адкрыццём Офіса ў Варшаве Офіс у Вільні працягвае працу, захоўваючы рэгістрацыю і дыпламатычную акрэдытацыю, распавяла Святлана Ціханоўская.

- Я таксама буду намагацца часта наведваць Літву і хацела б, каб Вільня засталася нашым дыпламатычным цэнтрам працы, роўна як і адным з цэнтраў беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці. Менавіта таму вялікая частка маёй каманды, у тым ліку міжнародны дэпартамент, працягне працу ў Літве. Дырэктарам віленскага Офіса будзе мой дарадца па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі.

Офіс Святланы Ціханоўскай пашырае дзейнасць на Варшаву, і спадзяецца ўзмацніць каардынацыю з польскімі і міжнароднымі саюзнікамі, а таксама з беларускай супольнасцю ў Польшчы.

Крыніца: Светлана Тихановская/юл