Беларуская Служба

Расійскіх ваеннапалонных пасля абмену размясцілі ў медцэнтры ў Гомелі

09.02.2026 16:54
Улады трымаюць у сакрэце медустанову, якая прыняла на лячэнне вызваленых з палону расіян, а каментар лекара зрабілі ананімным, хоць паказалі яго твар.
Ілюстрацыйны здымакshutterstock.com

Беларускае дзяржаўнае ТВ паведаміла аб тым, што пасля абмену ваеннапалоннымі паміж Украінай і РФ, які адбыўся 5 лютага праз тэрыторыю Гомельскай вобласці Беларусі, частка расіян «была адразу размешчана ў медыцынскай установе Гомельскай вобласці».

Па даручэнні Лукашэнкі «тут створаны ўсе ўмовы для іх лячэння, найхутчэйшага аднаўлення і вяртання на радзіму», – заявілі ў сюжэце на «Беларусь 1» і паднеслі гэта як «міратворчую ролю».

Улады трымаюць у сакрэце медустанову, якая прыняла на лячэнне вызваленых з палону расіян, а каментар лекара зрабілі ананімным, хоць паказалі яго твар.

Неназваны супрацоўнік медустановы распавёў, што зараз стан усіх пацыентаў з групы вайскоўцаў РФ стабільны, але «расцэньваецца як цяжкі».

Па словах медыка, «усім пацыентам аказваецца поўны комплекс лячэбна-дыягнастычных мерапрыемстваў».

Як высветліў Флагшток, каментар даў Валерый Стома – загадчык таксікалагічнага аддзялення ў Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, якая знаходзіцца па вуліцы Камісарава, 13.

Пасля гэтага сюжэту стала зразумелым, чаму Стома быў сярод «таямнічых герояў», якіх узнагароджвалі сілавікі ў 2025 годзе. Верагодна, лячэннем расійскіх вайскоўцаў яго аддзяленне займалася і раней.

яс

У выніку перамоваў у Абу-Дабі адбыўся чарговы абмен палоннымі

05.02.2026 17:27
З расійскай няволі дадому вярнуліся 157 украінцаў. Узамен Украіна перадала Расіі 157 расійскіх салдат.