Беларуская Служба

Маладую фатографку з Баранавічаў асудзілі за палітыку. Яна толькі нядаўна стала мамай

10.02.2026 10:43
Паліну Верамяйчук асудзілі, найхутчэй, па справе Гаюна.
Паліна Верамяйчукфота: старонка Паліны Укантакце/НН

Маладую фатографку з Баранавічаў асудзілі за палітыку. Яна толькі нядаўна стала мамай
Паводле адукацыі Паліна фінансіст, скончыла факультэт фінансаў і банкаўскай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Але сваё жыццё звязала з творчасцю, паведамляе Наша Ніва

Яна вядомая як фатографка, здымала ў Баранавічах і Мінску. У сваім профілі дзяўчына пісала, што стварае «жаночыя партрэты і сямейныя гісторыі, якім верыш», і фатаграфуе так, «як быццам закаханая ў вас».

У Паліны ёсць муж і зусім маленькае дзіця. Яна стала мамай толькі ў ліпені 2025 года. Дакладна невядома, калі менавіта да Верамяйчук прыйшлі сілавікі і ці трымалі яе пад вартай.

Дзяўчыну абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса – «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» – і асудзілі ў Брэсцкім абласным судзе. Пераслед звязаны, найхутчэй, са справай Гаюна.

Дзяўчыне прысудзілі хатнюю хімію, але дакладны прысуд невядомы.

НН/ав