Беларуская Служба

Беларусь зноў апусцілася ў міжнародным рэйтынгу ўспрыняцця карупцыі

10.02.2026 12:10
Паводле дакладу Transparency International за 2025 год, індэкс успрыняцця карупцыі ў Беларусі склаў 31 з 100 магчымых пунктаў.
 Transparency International  2025
Даклад Transparency International за 2025 годfacebook.com/TransparencyInternational

Беларусь у міжнародным рэйтынгу ўспрыняцця карупцыі апусцілася ў 2025 годзе на 124-е месца сярод 182 краін свету (з 114-га месца ў 2024 годзе), паведамляе «Свабода».

Як вынікае з адпаведнай справаздачы, падрыхтаванай арганізацыяй Transparency International за 2025 год, індэкс успрыняцця карупцыі (CPI) у Беларусі склаў 31 пункт.

Беларусь аналізуюць як адну з краін рэгіёну Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, дзе «слабыя дэмакратычныя інстытуты і адыход ад дэмакратыі з’яўляюцца стымулам карупцыі і скарачэннем грамадзянскай супольнасці, у шасці краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі справы пагаршаюцца з-за застралых рэформаў і слабых інстытутаў», – піша Transparency International. Асобнай ацэнкі сітуацыі ў Беларусі няма.

«Каб аўтакратычным рэжымам утрымліваць уладу, яны зруйнавалі сістэму стрымак і процівагаў, што дазваляе разрастацца карупцыі. Гэта асабліва паказальна ў Расіі (паказчык 22) і Беларусі (паказчык 33), якія значна знізіліся з 2020 года. Ваеннае ўварванне Расіі ва Украіну яшчэ больш умацавала аўтарытарызм, калі дзяржава прыціскае іншадумства, перанакіроўвае рэсурсы на падтрымку сваёй ваеннай павесткі і пазбаўляецца незалежных галасоў. Беларусь упала на 14 пунктаў за апошнія 4 гады і адлюстроўвае гэты рэгрэс – больш за 900 арганізацый было закрыта, рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. Судовая ўлада таксама застаецца жорстка кантралюемай прэзідэнтам, выключаючы любыя праверкі цэнтральнай улады», – пісалі арганізатары аналагічнага даследавання за 2024 год.

Індэкс CPI вымярае не карупцыю як такую, не колькасць і памеры хабару, які даюць і бяруць у краіне, а менавіта яе ўспрыняцце.

Індэкс успрыняцця карупцыі вылічваецца на падставе апытанняў міжнародных экспертаў, а таксама буйных фінансавых і праваабарончых арганізацый.

Калі гаварыць пра доўгатэрміновую дынаміку індэксу для Беларусі, то перыяд яго паляпшэння супаў з перыядам паляпшэння адносін з Захадам, пашырэння эканамічнага і палітычнага ўзаемадзеяння з ім.

аз