Беларуская Служба

Былога лідара БРСМ пасадзілі за краты і залічылі ў тэрарысты

11.02.2026 09:07
Сяргей Пахомаў працаваў у школе, уваходзіў у рэзерв кадраў райвыканкама і ўзначальваў раённы БРСМ. 
Сяргей ПахомаўФота: lidanews.by/nn.by

Былога кіраўніка БРСМ з Іўя кінулі ў СІЗА па палітычным артыкуле і залічылі ў тэрарысты, паведамляе Наша Ніва.

Сяргей Пахомаў працаваў у школе, уваходзіў у рэзерв кадраў райвыканкама і ўзначальваў раённы БРСМ. Аднак цяпер мужчына знаходзіцца за кратамі.

Сяргей Пахомаў нарадзіўся ў 1988 годзе ў Казахстане, але вырас у Беларусі. У 2013 годзе ён скончыў Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы, працаваў настаўнікам гісторыі ў школе ў Жамыслаўлі.

Малады спецыяліст неўзабаве стаў першым сакратаром Іўеўскага раённага камітэта БРСМ і нават трапіў у рэзерв кіруючых кадраў мясцовага выканкама. У інтэрв'ю дзяржаўнай прэсе ён хваліў беларускую стабільнасць і ладзіў патрыятычныя акцыі.

Пасля 2017‑га ён пайшоў з адукацыі. У лютым 2025 года Пахомаў зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік і заняўся дахавымі работамі.

Нядаўна стала вядома, што 37‑гадовы мужчына знаходзіцца ў СІЗА. Яму выстаўлена абвінавачанне паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці»). Хоць прысуд яшчэ не вынесены, КДБ ужо ўключыў яго ў спіс «тэрарыстаў».

Што менавіта стала прычынай крымінальнага пераследу, пакуль невядома. Магчыма, гэта каментары ў тэлеграме з неабароненага акаўнта.

яс