Беларуская Служба

Ідэолагі пайшлі ў контратаку: у дзяржустанове Гомеля адмянілі Дзень закаханых

11.02.2026 15:21
Пра гэта не паінфармавалі гамяльчан, а проста ціха выдалілі анонсы. 
  .
Афіша адмененага мерапрыемства.Фота: Флагшток

Пасля таго, як Флагшток распавёў, што ў Гомелі прарываецца, нягледзячы на негалосную забарону, цяга да святкавання «заходняга» Дня святога Валянціна, мерапрыемства з гэтай нагоды тут жа было адменена ў дзяржаўнай установе — карціннай галерэі імя Вашчанкі.

Аднак пра гэта галерэя не паінфармавала гамяльчан, а проста ціха выдаліла анонсы як з сайта, так і ўсіх сваіх паблікаў, заўважыў Флагшток.

Цяпер сайт галерэі выглядае ў поўнай адпаведнасці з ідэалагічнымі патрабаваннямі: рубрыка «Генацыд», банеры «Процідзеянне экстрэмізму» і «Год беларускай жанчыны», відэа аб дэлегатах «Усебеларускага народнага сходу», анонс «патрыятычнага праекта» пад назвай «Люблю сваю Айчыну», падрыхтаваны з гістарычным клубам пры Рускім доме.

Афіша адмененага мерапрыемства засталася на іншых рэсурсах. Падчас мерапрыемства «Дзень закаханых з Вудзі Аленам» у галерэі планавалі паглядзець і абмеркаваць яго фільм, камедыйную меладраму «Эні Хол», пагуляць у гульні, наведаць выставы.

Дырэктар карціннай галерэі імя Вашчанкі — Людміла Шымбалёва, якая вядомая як давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, кіраўнік раённай арганізацыі праўладнага «Беларускага саюза жанчын» і дэлегат «Усебеларускага народнага сходу».

У 2020 годзе Лукашэнка ўзнагароджваў Шымбалёву медалём. Жанчына фактычна была тварам праўладных масавых мерапрыемстваў у Гомелі.

нг