Беларуская Служба

Экс-прадстаўніцу АПК па фінансах Зарэцкую ў Эстоніі падазраюць у махлярстве на 450 тысяч еўра

13.02.2026 12:40
Нанесеную шкоду ацанілі амаль у 450 тысяч еўра.
Таццяна ЗарэцкаяФота: t.me/CabinetBelarus

Экс-прадстаўніцу Аб'яднанага пераходнага кабінета па фінансах і эканоміцы, прадпрымальніцу Таццяну Зарэцкую ў Эстоніі падазраюць у махлярстве пры атрыманні субсідый ад Еўрасаюза на «зялёны» стартап. Нанесеную шкоду ацанілі амаль у 450 тысяч еўра, піша Ekspress.delfi.

Зарэцкая ўзначальвае стартап Laava Tech OÜ. Кампанія распрацавала для раслінаводства асабліва энергаэфектыўныя рашэнні, якія павінны былі прыносіць фермерам значную фінансавую выгаду. У 2021–2023 гадах Еўрапейская камісія выдзеліла каардынуемаму Laava Tech праекту каля 2,4 мільёна еўра.

У 2024 годзе Еўрапейская пракуратура пачала крымінальнае расследаванне магчымага махлярства, звязанага з еўрасубсідыяй Laava Tech. Згодна з бягучымі падазрэннямі, злачынства нанесла ЕС шкоду амаль у 450 тысяч еўра, піша Ekspress.delfi. Апроч Зарэцкай, у справе фігуруюць яшчэ двое падазраваных.

Акрамя таго, Брусель запатрабаваў вярнуць больш за 2 мільёны еўра з прадастаўленай раней субсідыі.

«У выпадку падазрэння ў махлярстве ў грантадаўцы ёсць права запатрабаваць вяртання ўсёй субсідыі», – заявіла на гэтым тыдні на паседжанні Талінскага акруговага суда еўрапейскі дэлегаваны пракурор Крысційна Саўчанкава.

У снежні мінулага года Харʼюскі павятовы суд арыштаваў сродкі на банкаўскіх рахунках Зарэцкай у Эстоніі ў памеры да 1,8 мільёна еўра. Суд таксама наклаў забарону на распараджэнне яе долямі ў эстонскіх кампаніях.

Адвакат абароны Дзяніс Часоўскіх у размове з журналістамі адмовіўся ад падрабязных каментароў, спаслаўшыся на тое, што расследаванне знаходзіцца на пачатковай стадыі.

«З боку абароны можам пацвердзіць, што супрацоўнічаем са следствам і чакаем, што ўсе абставіны будуць устаноўлены хутка і непрадузята», – сказаў ён.

Люстэрка нагадвае, што Таццяна Зарэцкая – беларуская прадпрымальніца. Раней яна ўвайшла ў спіс Forbes «30 да 30». У 2022 годзе яна стала рэзідэнтам спісу знакавых наватараў ва ўзросце да 35 гадоў, які складае Масачусецкі тэхналагічны інстытут (MIT). Яе кампанія Laava Tech займаецца разумным асвятленнем для хатняй гаспадаркі.

9 верасня 2022 года Таццяна Зарэцкая стала прадстаўніцай Абʼяднанага пераходнага кабінета па фінансах і эканоміцы. Менш чым праз два месяцы яна заявіла аб сваім сыходзе са структуры. Паводле яе слоў, яна сутыкнулася з вялізным ціскам на сябе, сваіх родных і бізнес-партнёраў. Зарэцкая не патлумачыла, хто менавіта аказваў гэты ціск, але расказала, што падала заяву ў паліцыю.

За некалькі тыдняў да гэтага ў праўладных тэлеграм-каналах пачала распаўсюджвацца спасылка на тэкст, апублікаваны на сайце Justdiligence.com 14 верасня. Матэрыял ставіў пад сумнеў бізнес-поспехі Зарэцкай. У тэксце, у прыватнасці, згадвалася, што бізнес беларускі «трымаецца на плаву толькі дзякуючы грантам Еўрасаюза». Таксама выказваліся сумневы ў адпаведнасці стартапа навуковым прынцыпам.

Люстэрка/ав