Як высветліла «Бюро» ў партнёрстве з цэнтрам расследаванняў Siena, у Сяргея і Уладзіміра Чыжэй было літоўскае грамадзянства, але яны адмовіліся ад яго. Гэта вынікае з рашэння в. а. міністра ўнутраных справаў Літвы, апублікаванага летась у верасні.
Сыны Юрыя Чыжа атрымалі літоўскае грамадзянства вясной 2013 года дзякуючы сваякам. Як вынікае з адказу Дэпартамента па міграцыі МУС Літвы, бабуля Чыжэй была літоўскай грамадзянкай да савецкай акупацыі. Маці Святлана Чыж нарадзілася ў Літве ўжо падчас акупацыі.
Уладзімір Чыж не захацеў размаўляць па тэлефоне, чаму ён адмовіўся ад літоўскага грамадзянства. Сяргей Чыж не адказаў на паведамленні і званкі журналіста «Бюро».
Уладзімір Чыж і Сяргей Чыж атрымалі літоўскае грамадзянства, калі іхны бацька Юры Чыж знаходзіўся пад санкцыямі ЕС як «кашалёк» Аляксандра Лукашэнкі. У сакавіку 2012 года ўплывовы бізнесовец і ягоныя актывы падпалі пад абмежаванні, якія анулявалі толькі ў кастрычніку 2015 года.
Перад выдачай грамадзянства Чыжэй правяраў Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі, кіраўніком якога ў той час быў Гедымін Грына.
«Зусім не памятаю гэтай гісторыі. Калі ў ДДБ не было што напісаць [пра Чыжэй], то нічога і не напісалі», – паведаміў Siena былы кіраўнік ДДБ.
У Дэпартаменце па міграцыі ўдакладнілі: пры разглядзе прашэння Чыжэй аб грамадзянстве літоўскія ўлады ацэньвалі, ці здзяйснялі яны міжнародныя злачынствы (генацыд, ваенныя злачынствы) і злачынствы супраць Літвы.
«У той час не было атрымана ніякай інфармацыі, якая не дазваляла б аднавіць грамадзянства Літоўскай Рэспублікі названым асобам», – адзначылі ў Дэпартаменце па міграцыі МУС Літвы.
«Бюро» нагадвае, што ў мінулым годзе каля шасцісот беларусаў былі прызнаныя пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы. Многім з іх не выдалі від на жыхарства або не працягнулі яго. Як тлумачыў ДДБ Літвы выданню «Люстэрка», падставай для прызнання пагрозай нацыянальнай бяспецы з'яўляецца любая праца на дзяржаву, бо гэта знак лаяльнасці рэжыму Лукашэнкі.
ав