Пазалетась рэальныя даходы насельніцтва выраслі на 9,7% год да года. Леташні вынік – горшы: за 2025 год паказнік павялічыўся на 9,6%, падлічыў Белстат.
Пры гэтым хуткасць, з якой багацеюць беларусы, усцяж запавольваецца з кастрычніка.
Рэальныя даходы – бадай, самы аб'ектыўны паказнік фінансавага дабрабыту беларусаў. Ён улічвае рост цэнаў, падаткі і розныя ўзносы. Адпаведна, пры высокай інфляцыі людзі бяднеюць, нават калі намінальныя заробкі або пенсіі пакрысе павялічваюцца.
І калі рост рэальных даходаў усіх беларусаў (у гэтую статыстыку залучаныя і заробкі, і пенсіі, і стыпендыі, і грашовая дапамога, і даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасці, і даходы ад уласнасці) скарачаецца тры месяцы запар, то рост рэальных заробкаў зніжаўся ўвесь мінулы год: калі ў студзені было 13,5%, то ў студзені – снежні ўжо 9% год да года.
Аўтар праграмы «Оптимум» на YouTube-канале «Белорусы и рынок» Андрэй Махоўскі ў каментары «Белсату» спрагназаваў, што і надалей рост даходаў беларусаў будзе запавольвацца, бо тармозіць уся эканоміка. У студзені ВУП знізіўся на 1,2% год да года:
«Хутчэй за ўсё, варта чакаць, што як мінімум мы не будзем мець росту даходаў, які быў апошнія два гады, каля 10% на год. Яны раслі зусім беспадстаўна: калі ў вас эканоміка расце на 1%, а заробкі – на 10%, то відавочна, што гэта неабгрунтаваны рост заробкаў».
Паводле эксперта, працадаўцы павышалі заробкі работнікам з прычыны дэфіцыту кадраў: трэба было ці то ўтрымаць тых, хто ўжо працуе, ці прыцягнуць новых працаўнікоў. Але грошы ў кампаніяў не бясконцыя.
Белсат/ав