Беларуская Служба

У Будславе абвясцілі збор буйной сумы на працяг рэстаўрацыі касцёла

17.02.2026 17:10
Сума, якая патрэбна ўжо ў бліжэйшы час, перавышае суму ўсіх ахвяраванняў, сабраных дагэтуль.
Пажар касцёла ў Будславефота: Арцём Ткачук

Нацыянальны санктуарый у Будславе вымушаны працягваць рэстаўрацыю без фінансавання з боку дзяржавы, нягледзячы на тое, што па ініцыятыве ўладаў ён быў абвешчаны «духоўным цэнтрам» католікаў Беларусі. 16 лютага парафія распаўсюдзіла зварот аб тым, што «мае патрэбу ў дапамозе».

Санктуарый апублікаваў ліст пробашча, адрасаваны да ўсіх, хто можа зрабіць ахвяраванне. У лісце гаворыцца пра тое, што пасля прызначэння будслаўскага касцёла «духоўным цэнтрам» быў распрацаваны план мерапрыемстваў на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных прац. Толькі праектныя работы абыдуцца ў суму звыш 1,4 млн рублёў, інжынерныя – амаль у 190 тыс. руб., абследаванне канструкцый – амаль 72 тыс. руб. І яшчэ звыш 18 тыс. руб. – паслугі па лазерным 3D-сканіраванні.

У сувязі з гэтым парафія просіць аказаць любую спонсарскую дапамогу. Такім чынам, агульная сума, якая патрэбна ўжо ў бліжэйшы час (толькі на падрыхтоўчыя працы), – амаль 1,7 млн рублёў, што перавышае суму ўсіх ахвяраванняў, якія былі сабраныя дагэтуль пасля пажару ў касцёле (1 млн 446 тыс. руб.).

Katolik.life/fd