Упершыню аб будучай забароне жаночых аднаразовых брытваў для гігіены ног, падпах і зоны бікіні, магілёўскія праваабаронцы паведамілі 24 снежня мінулага года. Тады сваякам забаранілі перадаваць іх асуджаным.
Стала вядома, што з 1 красавіка, раней перададзеныя брытвы адміністрацыя будзе прымусова забіраць. Да гэтай даты асуджаным жанчынам прапанавана добраахвотна ад іх пазбавіцца. Узамен ім дазволена выкарыстоўваць толькі васковыя палоскі і крэмы для дэпіляцыі. Такія гігіенічныя сродкі з'явяцца ў краме калоніі, хоць яны каштуюць значна даражэй ранейшых сродкаў гігіены.
Паводле інфармацыі ад былой палітзняволенай, адна з галоўных прычын такой забароны — спроба суіцыду непалітычнай зняволенай.
Другой вострай праблемай Папраўчай калоніі №4 зʼяўляецца перагружанасць склада. Таму нават у выпадку некаторага запасу гігіенічных сродкаў у асуджаных іх не адправяць на захоўванне, а ўтылізуюць.
Сваякі асуджаных на спатканнях атрымліваюць настойлівыя рэкамендацыі забраць рэчы родных са склада, каб яго разгрузіць.
У неафіцыйных гутарках кантралёры кажуць, што хуткім часам адміністрацыя можа забраць частку рэчаў, якія страцілі прыдатнасць і складзе акты на знішчэнне.
яс