Аб пераліку мерапрыемстваў на 2026–2027 гады, які будзе рэалізаваны ў рамках кантактнай групы Рады Еўропы (РЕ) і беларускіх дэмсілаў, паведаміла «Позірку« прэс-служба Рады Еўропы. Пералік «заснаваны на сумесна ўзгодненых прыярытэтах».
Падкрэсліваецца, што рэалізацыя гэтых мерапрыемстваў «узмоцніць супрацоўніцтва, якое працягваецца, і адкажа на новыя патрэбы ў галіне прасоўвання стандартаў Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, адмены смяротнага пакарання, процідзеяння дыскрымінацыі, гендарнай роўнасці і барацьбы з гвалтам у дачыненні да жанчын, парламенцкага супрацоўніцтва, мясцовай дэмакратыі, падтрымкі грамадзянскай супольнасці, культурных правоў, удзелу моладзі і беларускіх журналістаў у выгнанні«.
Таксама «працягнецца праграма стажыровак для беларускіх спецыялістаў у Радзе Еўропы».
У прэс-рэлізе адзначаецца, што ў рамках новага пераліку мерапрыемстваў «прадугледжана адкрыццё інфармацыйнага пункта для беларускага насельніцтва ў Вільнюсе паводле пагаднення паміж Радай Еўропы і ўрадам Літвы, што ўзмоцніць магчымасці РЕ па рэалізацыі мерапрыемстваў на месцах. Падрыхтоўка да яго запуску працягваецца».
Крыніца: «Позірк»/юл