У Мінску перанеслі з прычынаў бяспекі жалобныя мерапрыемствы ў гадавіну расстрэлу вязняў Мінскага гета. Пра гэта паведаміў Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і грамадаў.
Пасля пачатку вайсковай аперацыі ў Іране Рада Нацыянальнай бяспекі Ізраіля рэкамендуе грамадзянам краіны не паведамляць публічна ў рэальным часе інфармацыю пра сваё месца знаходжання, планах паездак, устрымацца ад дэманстрацыі габрэйскай ці ізраільскай сімволікі.
2–3 сакавіка 1942 году, калі габрэйскія супольнасці мелі святкаваць Пурым, нацысты ўчынілі масавы расстрэл вязняў Мінскага гета. Гэтая падзея ўвайшла ў гісторыю як адна з найбольш жорсткіх «акцыяў». Былі забітыя больш за 5 000 габрэяў — мужчын, жанчын, дзяцей.
Мінскае гета, створанае нацыстамі ў 1941 годзе пасля захопу беларускай сталіцы, стала адным з найбольшых у Еўропе.
39 вуліц беларускай сталіцы сталі пеклам на зямлі для больш як 100 000 вязняў, у тым ліку габрэяў Мінску і акругі, а таксама прывезеных з Дзюсельдорфа, Франкфурта-на-Майне, Берліна, Бона, Кёльна, Брна, Вены, Кёнігсберга.
Свабода/ав