Тры грамадзяне Беларусі і чатыры грамадзяне Судана ўключаныя Камітэтам дзяржаўнай бяспекі ў абноўлены спіс “асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”, - піша Позірк.
Падставай уключэння ў спіс суданцаў стала іх знаходжанне ў санкцыйным спісе Савета бяспекі ААН, беларусаў — вынясенне ў дачыненні да іх і ўступленне ў сілу прысудаў паводле адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Глеб Рыбчанка асуджаны паводле арт. 289, 2904, ч. 4 арт. 309 і арт. 361 КК, Віталь Абадзенка — арт. 2905 КК, Дзмітрый Каліноўскі — арт. 361 КК.
Рыбчанка і Абадзенка былі ўключаныя МУС у спіс “экстрэмістаў” 20 лютага, Каліноўскі — 27 лютага.
Абадзенка 25 лютага быў прызнаны беларускімі праваабарончымі арганізацыямі палітвязнем. Паводле даных праваабаронцаў, ён, верагодна, асуджаны за намер ваяваць на баку Украіны.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, цяпер у спісе “тэрарыстаў” знаходзіцца 1.424 чалавекі, каля 700 з іх — беларусы.
нг