У Беларусі ўзровень беспрацоўя сярод жанчын складае 2,2%, а сярод мужчын — 2,9%. Такія дадзеныя 5 сакавіка на прэс-канферэнцыі агучыла намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Юлія Берднікава - паведамляе Свабода.
Паводле яе слоў, Беларусь займае 28-е месца са 172 краін паводле індэксу гендарнай няроўнасці ў межах Праграмы развіцця ААН і 54-е з 148 краін паводле індэксу гендарнага разрыву World Economic Forum.
Намесніца старшыні Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь Наталля Тарасюк паведаміла, што сярэдні ўзрост беларускай жанчыны складае 44 гады, а сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб — 27 гадоў. Паводле статыстыкі, у 2025 годзе ў Беларусі было заключана каля 52 тысяч шлюбаў.
Пры гэтым назіраецца новая тэндэнцыя: усё часцей у шлюб уступаюць жанчыны старэйшыя за 65 гадоў. У 2025 годзе такіх шлюбаў было 713 — амаль на 13% больш, чым годам раней. З іх 44 жанчыны ўступілі ў шлюб упершыню.
Паводле афіцыйных дадзеных, у 2024 годзе ў Беларусі жылі 4,9 мільёна жанчын — гэта каля 54% насельніцтва краіны. Амаль 80% з іх жывуць у гарадах. У сярэднім на тысячу мужчын у Беларусі прыпадае 1167 жанчын.
Узровень занятасці жанчын складае каля 65%, а ў працаздольным узросце — 86%. Каля 42% працуючых жанчын маюць вышэйшую адукацыю, сярод мужчын — каля 30%. Найбольш «жаночымі» сферамі застаюцца адукацыя і ахова здароўя, дзе жанчыны складаюць каля 80% занятых. У ІТ-сферы іх доля дасягнула прыкладна 34%, а сярод прадпрымальнікаў — 42%.
Раней Аляксандр Лукашэнка абвясціў 2026 год у краіне Годам беларускай жанчыны.
нг