Беларуская Служба

Супраць спявачкі Кацярыны Ваданосавай распачалі крымінальную справу за «рэабілітацыю нацызму»

11.03.2026 18:35
З абвінавачаннямі пракуратуры Кацярына Ваданосава катэгарычна не згодная, а сваім апанентам раіць вывучаць гісторыю.
Кацярына ВаданосаваFoto: radyjo.net/Я.Іванюк

Супраць спявачкі і блогеркі Кацярыны Ваданосавай распачалі крымінальную справу за «рэабілітацыю нацызму», паведамляе БАЖ са спасылкай на заяву Генпракуратуры Беларусі ад 11 сакавіка.

Нагодай для крымінальнага пераследу стала відэалекцыя на YouTube-канале «Будзьма Беларусамі!» «Галоўны міф Другой сусветнай – забойства гаўляйтара Вільгельма Кубэ. Што не так?», якую вяла жанчына, у прыватнасці выпускніца гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка.

Генпракуратура заяўляе, што гэтыя відэалекцыі былі створаныя «з мэтай рэабілітацыі нацызму», дзе «падазраваная гераізавала нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, уключна з прадстаўнікамі нацыяналістычных калабарацыянісцкіх фармаванняў», такім чынам «наўмысна праслаўляла іх, а таксама здзейсненыя імі злачынствы супраць мірнага насельніцтва БССР».

На падставе гэтага, паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка Генпракуратуры Дзмітрыя Брылёва, супраць Кацярыны Ваданосавай распачатая крымінальная справа за «наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму» (паводле ч. 3 арт. 130–1 Крымінальнага Кодэкса РБ). Справа накіраваная для расследавання ў Цэнтральны апарат Следчага камітэта Беларусі.

Кацярына Ваданосава зазначае, што пра чарговую крымінальную справу ў дачыненні да яе даведалася сёння раніцай з «Нашай Нівы», бо інфармацыя з афіцыйных інтэрнэт-рэсурсаў Генпракуратуры знаходзіцца «далёка па-за колам яе інтарэсаў».

Асветніцкай дзейнасцю Кацярына Ваданосава займаецца даўно і ў розных фарматах – ад рэстаўрацыі гістарычных строяў да тых самых лекцый пра вострыя моманты ў беларускай гісторыі. І Кацярына катэгарычна не згодная з абвінавачаннямі пракуратуры:

— Вядома, ніякай рэабілітацыі нацызму не было. Ёсць курс адукацыйных лекцый, як яны выказаліся, — «падкасты». Мы на «Будзьме» спрабуем падысці да любой гістарычнай тэмы ўсебакова і як мага больш аб’ектыўна. І гераізацыі Вільгельма Кубэ я не праводзіла (смяецца. – Рэд.)! Проста зараз усё, што закранае тэмы Другой сусветнай ці Вялікай Айчыннай вайны, калі гэта не афіцыйнае славаслоўе, можа падпасці пад такі самы крымінальны артыкул. Гэтая тэма ў Беларусі зараз настолькі табуяваная, што любыя спробы гістарычнага аналізу расцэньваюцца як злачынства. Гэта абсалютна забаронены від дзейнасці, і сталася так, што ў шэраг «нязручных» гістарычных тэм трапіла ўсё, што не стасуецца з цяперашнім рэжымам, — кажа жанчына.

Сваім апанентам Кацярына Ваданосава параіла вывучаць гісторыю, але спадзеваў на справядлівае судовае разбіральніцтва блогерка не мае. Тое, што яе асветніцкая дзейнасць «заўважаная» на дзяржаўным узроўні, Кацярына ўспрымае ўскосным пацверджаннем высокай якасці яе працы.

аз