Беларуская Служба

Слабее мігранцкі крызіс, арганізаваны Лукашэнкам

13.03.2026 11:13
Лічбы паказваюць, што апошнімі месяцамі назіраецца пэўнае зацішша на мяжы Беларусі і Еўрасаюза.
        -
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервінскі на польска-беларускай мяжыPAP/Artur Reszko

Пачынаючы з 2021 года мігранты актыўна намагаліся нелегальна трапіць з Беларусі ў Еўрасаюз. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі спрыяў гэтаму, выкарыстоўваючы мігрантаў для ціску на суседнія краіны Еўрасаюза. А што цяпер? Адказ на гэтае пытанне прыводзіць штодзёнка «Наша Ніва».

— Апошнімі месяцамі назіраецца пэўнае зацішша на мяжы Беларусі і Еўрасаюза. Выглядае, што рэжым перастаў выкарыстоўваць нелегальных мігрантаў як элемент гібрыдных атак на суседнія краіны Еўропы, — зазначае выданне.

З пачатку сакавіка было толькі чатыры дні, калі польскія памежнікі фіксавалі спробы нелегальна трапіць у краіну з боку Беларусі — хоць надворʼе, здавалася б, спрыяльнае. Агулам налічылася каля 25 ахвотнікаў.

За люты было ўсяго пяць дзён, калі польскія пагранічнікі фіксавалі мігрантаў на мяжы. Агулам было зафіксавана 49 спроб нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

У той жа час, у лютым 2025‑га лік ішоў на сотні чалавек, а спробы нелегальна перасекчы мяжу фіксаваліся амаль кожны дзень.

З пачатку года літоўскія памежнікі зафіксавалі ўсяго 37 спроб нелегальна трапіць з Беларусі ў Літву. Пра тое, што сітуацыя з нелегальнай міграцыяй з боку Беларусі змянілася, казалі і ў Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літоўскай Рэспублікі. У каментары літоўскаму выданню прадстаўнік Службы адной з прычын, чаму так адбываецца, назваў адсутнасць з беларускага боку актыўных дзеянняў па арганізацыі перавозкі мігрантаў і іх перасялення.

На латвійскім кірунку таксама назіраецца значнае зніжэнне спроб нелегальна перасекчы мяжу ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. За люты 2025 года было зафіксавана 75 спроб нелегальна перасекчы латвійскую мяжу з боку Беларусі. Усяго было 12 дзён, калі такія спробы фіксаваліся. У лютым 2026 года было ўсяго тры такія дні і 20 чалавек. За першыя восем дзён сакавіка 2025 года нелегальна перасекчы латвійскую мяжу спрабавалі 23 чалавекі, а з пачатку сакавіка 2026 года — толькі 9.

Крыніца: «Наша Ніва»/юл