Беларускі мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч паведаміў на Facebook, што Францыя адмовілася выдаць яму статус уцекача. Мяркуючы з ягонага паста, прынамсі дзве ягоныя акцыі палічылі злачынствамі, што наносяць шкоду інтарэсам нацыі, канстатуе «Белсат».
Летам 2024 года Кузьміч спачатку капаў магілу мастака Вінцэнта Ван Гога з крыкамі «Мастак, уставай!», а потым «зрабіў фалас» з Вандомскай калоны ў Парыжы.
Пасля першай акцыі мастака затрымалі, сабраліся дэпартаваць у Беларусь, арыштавалі і аштрафавалі. За кратамі ён абвяшчаў галадаванне. Затым суд скасаваў рашэнне аб дэпартацыі, мастака вызвалілі. Ён правёў наступную акцыю, зноў быў затрыманы, змешчаны пад хатні арышт. Супраць яго распачалі крымінальную справу за «вандалізм».
З апублікаванага Кузьмічом тэксту вынікае, што ён прасіў аб статусе ўцекача ў Францыі. Яму адмовілі, згадаўшы акцыі з магілай Ван Гога і Вандомскай калонай: за гэтыя дзеянні, як адзначылі ў адказе, прадугледжанае пазбаўленне волі на тэрмін да 7 гадоў і штраф да 100 тысяч еўра.
Кузьміч не абвяргаў, што зладзіў гэтыя акцыі, але настойваў, што гэта «мастацкі падыход», а не злачынства. Ягоныя дзеянні палічылі шкодай фундаментальным інтарэсам нацыі.
— Я разумею спецслужбы, — напісаў Кузьміч. — Даставіў ім шмат праблемаў. Але я абяцаю сінхранізавацца. Запускаю ачалавечванне. Я стану тым, каго вы перастанеце заўважаць.
Кузьміч атрымаў шырокую вядомасць у 2019 годзе, калі правёў акцыю, у якой павесіў сабе на геніталіі шыльдачку «Міністэрства культуры». У час выбараў 2020 года ён праводзіў акцыі на выбарчым участку і на вуліцах Мінска проста перад сілавікамі, але пазней яго затрымалі і збілі, пасля чаго ён мусіў пакінуць краіну. Нягледзячы на гэта, ён таемна вяртаўся ў Беларусь і ладзіў новыя акцыі. Пасля адной з іх мастака давялося эвакуяваць.
аз