Беларуская Служба

15 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень Канстытуцыі. Якое значэнне гэты дзень мае для беларусаў

15.03.2026 11:13
«Беларусам патрэбная Канстытуцыя, якая працуе ў рэальным жыцці, а не існуе толькі на паперы».
 .
Беларуская канстытуцыя.Фота: zorkanews.by

Якой павінна быць канстытуцыя — паразважалі Святлана Ціханоўская і дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве Пераходнага кабінета Анатоль Лябедзька.

Святлана Ціханоўская:

«Сённяшні дзень павінен нагадваць пра галоўны прынцып дзяржавы — павагу да чалавека, яго годнасці і правоў. Канстытуцыя павінна абараняць слабога ад моцнага, грамадзяніна — ад злоўжывання ўладай. Яна павінна быць не інструментам кантролю, а гарантыяй свабоды.

Беларусам патрэбная Канстытуцыя, якая працуе ў рэальным жыцці, а не існуе толькі на паперы. Канстытуцыя, у якой права на свабоду слова, справядлівы суд і ўдзел у лёсе краіны не залежаць ад палітычнай кан’юнктуры. Канстытуцыя, якая не дазваляе нікому прыватызаваць дзяржаву і ператварыць часовы мандат у пажыццёвы кантроль. У якой ёсць сапраўднае раздзяленне ўладаў і абмежаванне паўнамоцтваў тых, хто кіруе».

Анатоль Лябедзька:

«У сучаснай Беларусі Дзень Канстытуцыі стаў своеасаблівым святам з чорнай жалобнай стужкай. Пра яго амаль не гавораць, не згадваюць яго гісторыі і сэнсу. Аднак беларуская дзяржаўная і прававая традыцыя мае глыбокія карані. Яшчэ Статуты Вялікага Княства Літоўскага на стагоддзі наперад сталі прыкладам канстытуцыйнага права для іншых еўрапейскіх краінаў. Яны замацоўвалі правы, працэдуры і абмежаванне ўлады — тое, што і сёння застаецца асновай дэмакратычнай дзяржавы. Але пасля рэферэндума 1996 года асноўны закон краіны перастаў быць рэальнай гарантыяй правоў чалавека.

Праект Канстытуцыі новай Беларусі — гэта чарцяжы беларускага дома, у якім хочацца жыць. Дома для дзевяці мільёнаў грамадзянаў — бяспечнага, камфортнага і справядлівага. Беларусы заслугоўваюць не імітацыі народнаўладдзя, а сапраўднага права выбіраць сваю будучыню».

Праект Народнай Канстытуцыі вынесены на грамадскае абмеркаванне. Далучыцца да дыскусіі і даведацца больш можна на платформе «Прастора».

нг