Беларуская Служба

30-40% беларусаў, якія прыехалі ў Літву з сем'ямі, хочуць тут застацца

16.03.2026 12:01
Найбольш сурʼёзныя цяжкасці пры інтэграцыі, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Літве, — гэта мова, асабліва ў сістэме адукацыі.
Панарама Вільніpixabay.com

—Прыкладна 30-40% беларусаў, якія прыехалі ў Літву з семʼямі, хочуць тут застацца, лічаць даследчыкі аддзела дэмаграфічных і сямейных даследаванняў Інстытута сацыялогіі Літоўскага цэнтра сацыяльных навук, якія вывучаюць беларускую дыяспару ў Літве.

Аляксандр Чубрык і Наталля Шчарбіна пераконваюць, што вынік іх падлікаў супярэчыць распаўсюджанаму ўяўленню аб тым, што беларусы працуюць толькі кіроўцамі далёкіх рэйсаў і не збіраюцца заставацца ў Літве, паведамляе LRT.lt.

Агулам у Літве пражывае каля 60 тысяч беларусаў. Навукоўцы паспрабавалі падлічыць, колькі з іх жывуць семʼямі.

Паколькі дакладных лічбаў няма, ім давялося стварыць мадэль дадзеных, якая паказвае, што 30-40% беларускіх мігрантаў у Літве прыехалі разам з семʼямі. У гэты лік уваходзяць і дзеці, якіх у Літве жыве каля 4,2 тысячы. Ёсць статыстычная верагоднасць таго, ці жывуць яны ў поўных або няпоўных семʼях. Такія дадзеныя, паводле навукоўцаў, дазваляюць зрабіць прагноз.

Эксперты падкрэсліваюць, што гэтыя лічбы не зʼяўляюцца дакладнымі і заснаваныя на дапушчэнні, што беларусы, якія жывуць у Літве, па сваіх характарыстыках падобныя да насельніцтва Беларусі.

Большая частка мігрантаў прыехала пасля нелегітымных выбараў 2020 года ў Беларусі і рэпрэсій, якія адбыліся пасля іх. «Мяркуючы па лічбах, масавая міграцыя ўжо скончылася», — падкрэслівае Аляксандр Чубрык.

Па словах даследчыкaў, тыповая беларуская сямʼя ў Літве мае двое дзяцей, абодва бацькі працуюць, а дзеці вучацца ў беларускіх, рускіх ці літоўскіх школах. Калі навукоўцы праводзяць апытанні, такія семʼі гавораць, што разумеюць Літву і адчуваюць сябе тут добра.

Найбольш сурʼёзныя цяжкасці пры інтэграцыі, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Літве, — гэта мова, асабліва ў сістэме адукацыі. Самы вялікі выклік — абмежаваныя магчымасці навучання літоўскай мове.

Наталля Шчарбіна падкрэслівае, што гэтым даследаваннем навукоўцы хацелі паказаць, што ў Літве ёсць матываваная група мігрантаў — семʼі, якія хочуць вывучаць мову, разумеюць законы і лад жыцця краіны.

аз