У выніку ўкраінскай атакі на АТ «ГРУПА КРЭМНІЙ ЭЛ» (Бранск, Расія) ракетамі Storm Shadow 10 сакавіка было знішчанае абсталяванне «на мільёны долараў ЗША», пастаўленае беларускім прадпрыемствам «Планар», сцвярджае аб’яднанне BelPol. Пра гэта паведамляе партал «Позірк».
Арганізацыя паведаміла, што ў яе распараджэнні маюцца кантракты, паводле якіх «Планар» у 2022–2025 гадах паставіў расійскаму прадпрыемству «дзясяткі ўстановак, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці мікрасхем».
BelPol пералічыў некаторыя віды пастаўленага абсталявання, а таксама апублікаваў копію аднаго з кантрактаў – на пастаўку чатырох аўтаматычных установак сумяшчэння і мультыплікацыі ЭМ-5084БМ коштам амаль у 3 млн 900 тыс. долараў.
«Планар» з 5 снежня 2023 года знаходзіцца ў санкцыйных спісах ЗША, з 22 лютага 2024-га — Вялікабрытаніі, з 24 лютага 2024-га — Аўстраліі, з 9 жніўня 2024-га — Канады, з 27 сакавіка 2025-га — Еўрапейскага Саюза, з 9 мая 2025-га — Украіны.
Летась у сакавіку аб’яднанне BelPol заявіла, што прадпрыемства працягвае закупляць абсталяванне ў ЗША, выкарыстоўваючы для абыходу санкцый у якасці пасярэднікаў кітайскія і карэйскія кампаніі.
Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў 2022 годзе поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Прадпрыемствы Дзяржкамваенпрама актыўна працуюць на расійскую абаронную замову.
вс