Беларуская Служба

Банкі не маюць права не абслугоўваць беларусаў на падставе грамадзянства

17.03.2026 15:20
Гэта вынікае з зявы Камісіі па фінансавым наглядзе Польшчы (UKNF) у адказ на ліст намесніка ўпаўнаважанага па грамадзянскіх правах Войцеха Бжазоўскага.
Logo PKO BP na ścianie budynku
Logo PKO BP na ścianie budynkuPAP/Albert Zawada

UKNF прызнала наяўнасць праблемы і падкрэсліла, што кожнае рашэнне, якое тычыцца кліента, мае грунтавацца на індывідуальным аналізе, адзначае Позірк.

Камісія праводзіць паглыблены аналіз сітуацыі з грамадзянамі Беларусі ў плане праблем з банкамі і прыкладае ўсе намаганні, каб пытанне было вырашанае.

Напрыклад, у чэрвені 2025 года Камісія па фінансавым наглядзе разаслала ліст, паводле якога банкі маюць прымаць часовае пасведчанне асобы замежніка ў якасці дакумента, які пацвярджае асобу. Аднак, не ўсе банкі так робяць, таму камісія прапанавала ім змяніць унутраныя правілы.

9 снежня 2025 года стала вядома, што PKO Bank Polski просіць прад’явіць дзейныя дазволы на жыхарства (ДНЖ) у Польшчы тых, хто адкрыў рахункі 24 кастрычніка 2025 года і пазней.

Банк паведаміў, што ў адваротным выпадку з 11 снежня магчымае блакаванне карт, анлайн-сэрвісаў IKO / iPKO / iPKO Biznes, BLIK. Пры гэтым было заяўлена, што абслугоўванне ў аддзяленнях банка па-ранейшаму будзе здзяйсняцца.

Для астатніх кліентаў ніякіх зменаў не было прадугледжана.

Карты, адкрытыя 24 кастрычніка 2025 года і пазней, меліся быць заблакаваныя на падставе новых уведзеных санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі, а менавіта ў сувязі з новымі прававымі палажэннямі, якія набылі моц у той дзень.

На кастрычнік 2025 года ў польскай дзяржаве было легалізавана сама меней 146 тыс. грамадзян Беларусі, паведаміла юрыст Алеся Пажыток, якая спецыялізуецца на міграцыйным праве.

Паводле яе слоў, гэтыя звесткі не ўлічваюць беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне на падставе віз, знаходзяцца ў чаканні дазволу на жыхарства або рашэння пра наданне міжнароднай абароны.

Пажыток адзначыла, што ў 2021 годзе Польшча ўхваліла 100% заявак беларусаў на наданне міжнароднай абароны, 2022-м — 99%, 2023-м — 98%, 2024-м — 94%, ад пачатку 2025-га — 93%.

яс