Пытанне затрымання фур з краін Еўрапейскага Саюза ў Беларусі вынесена на найвышэйшы ўзровень ЕС і ўключана ў міжнародны парадак дня. Пра гэта паведамілі ў Еўракамісіі ў адказ на зварот літоўскай асацыяцыі аўтаперавознікаў LINAVA, паведамляе belsat.eu.
У Бруселі назвалі дзеянні беларускіх уладаў, у выніку якіх транспарт літоўскіх і іншых еўрапейскіх кампаній апынуўся заблакаваны, непрымальнымі і юрыдычна неабгрунтаванымі. Еўракамісія патрабуе неадкладна стварыць умовы для вяртання транспарту яго законным уладальнікам.
У LINAVA заяўляюць пра шматмільённыя страты і небяспечны прэцэдэнт для ўсяго рынку перавозак у ЕС. Разам з тым беларускі прэм’ер Аляксандр Турчын пасля сустрэчы з літоўскімі і польскімі перавознікамі адзначыў, што канфіскацыя транспарту не плануецца.
Фуры апынуліся заблакаванымі з восені 2025 года пасля абвастрэння адносін паміж Мінскам і Вільняй і часовага закрыцця мяжы з боку Літвы.
эж