За апошнія 2,5 месяца з Польшчы былі дэпартаваныя 192 грамадзяніна Беларусі (уключаючы як добраахвотныя, так і прымусовыя вяртанні), паведаміла Памежная служба Польшчы ў адказ на запыт праваабарончай ініцыятывы Dissidentby.
Паводле згаданай крыніцы, 13 сакавіка з Польшчы на працягу аднаго дня быў дэпартаваны грамадзянін Беларусі, які знаходзіўся ў статусе суіскальніка міжнароднай абароны.
— На жаль, на дадзены момант нам не ўдалося атрымаць больш падрабязную інфармацыю пра гэты выпадак, — паведамляюць праваабаронцы.
Польскі бок адзначае, што рашэнні аб вяртанні замежнікаў прымаюцца ў рамках індывідуальных адміністрацыйных працэдур на падставе Закона аб замежніках ад 12 снежня 2013 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра арт. 302, які вызначае падставы для вынясення рашэння аб абавязанні замежніка пакінуць тэрыторыю краіны (у тым ліку ў выпадках парушэння правілаў знаходжання або пагрозы нацыянальнай бяспецы ці грамадскаму парадку).
У той жа час, адзначае Dissidentby, важна памятаць, што, нягледзячы на тое, што польскія органы спасылаюцца на нормы нацыянальнага заканадаўства і прынцып non-refoulement (арт. 33 Канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951 года), які забараняе вяртанне чалавека ў краіну, дзе яму пагражаюць пераслед, катаванні або небяспека для жыцця, на практыцы працягваюць фіксавацца выпадкі дэпартацый у краіны, якія нельга лічыць бяспечнымі, у тым ліку ў Беларусь, Украіну, Афганістан і іншыя.
Дэпартацыя людзей у такіх умовах можа супярэчыць міжнародным абавязацельствам, у прыватнасці арт. 3 Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека і арт. 3 Канвенцыі супраць катаванняў ААН, якія катэгарычна забараняюць высылку ў краіны, дзе існуе рэальная рызыка катаванняў, палітычнага пераследу або бесчалавечнага абыходжання.
Паводле артыкула 14 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, кожны чалавек мае права шукаць прытулку ад пераследу ў іншых краінах і карыстацца гэтым прытулкам, нагадваюць праваабаронцы.
аз