Беларуская Служба

Спецпасланнік ЗША па Беларусі сустрэўся з кіраўнічкай літоўскага ўрадa

18.03.2026 17:05
Паводле ранейшых паведамленняў, з Літвы Джон Коўл павінен адправіцца ў Мінск.
Джон Коулфота: Белта

У сераду ў Літве з візітам знаходзіцца спецыяльны пасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл. Падчас яго сустрэчы з кіраўнічкай літоўскага ўрадa Інгай Ругінене абмяркоўвалася, між іншым, пытанне Беларусі, паведамляе lrt.lt.

Прэм'ерка падзякавала ЗША за актыўныя намаганні па вызваленні палітычных зняволеных у Беларусі.

«Пазіцыя Літвы застаецца адназначнай – беларускі рэжым павінен спыніць рэпрэсіі, у краіне не павінна застацца ніводнага палітычнага зняволенага», – адзначаецца ў афіцыйным паведамленні.

На сустрэчы таксама абмяркоўвалася сітуацыя з бяспекай у рэгіёне.

«Беларускі рэжым застаецца адной з асноўных пагроз бяспецы рэгіёну, у тым ліку і Літвы. Пра гэта сведчаць варожыя гібрыдныя дзеянні Беларусі супраць суседніх краін – паветраныя шары з кантрабандай, незаконная міграцыя і затрыманне грузавікоў, а таксама падтрымка расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны», – заявіла кіраўнічка літоўскага ўрада.

Інга Ругінене таксама падкрэсліла, што Літва высока цэніць стратэгічнае партнёрства з ЗША і трывалыя хаўрусніцкія адносіны паміж краінамі.

Раней Літва звярталася да ЗША з просьбай аб дапамозе ў вырашэнні праблемы паветраных шароў з кантрабандай, якія запускаюцца з Беларусі, а таксама пытання затрыманых рэжымам у Мінску грузавікоў літоўскіх кампаній.

Як паведамлялася раней, з Літвы спецыяльны пасланнік ЗША Джон Коўл павінен адправіцца ў Беларусь.

У сярэдзіне снежня мінулага года Джон Коўл абʼявіў аб зняцці санкцый з экспарту беларускіх калійных угнаенняў.

Раней амерыканскі палітык заяўляў, што «па меры нармалізацыі адносін паміж дзвюма краінамі ўсё больш санкцый будзе здымацца».

аз

Лукашэнка: Вы хочаце вызваліць тых, каго вы некалі нанялі, каб нас звергнуць

13.03.2026 17:03
Беларускі дыктатар пракаментаваў тэму палітзняволеных у перамовах з ЗША.