— Больш за стагоддзе таму, у 1918 годзе, беларусы абвясцілі незалежнасць. Яны абвясцілі права быць свабоднымі, права размаўляць на сваёй мове і выбіраць сваю будучыню. Гэты гістарычны дзень стаў сімвалам надзеі і супраціву тыраніі, — заявіла дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская напярэдадні Дня Волі, які адзначаецца 25 сакавіка.
У гэты дзень беларусы па ўсім свеце ўдзельнічаюць у маршах і мітынгах, арганізоўваюць канцэрты і выставы, прысвечаныя барацьбе за суверэнітэт і свабоду — ад дыктатуры і рускага свету. Гэта тым больш важна, бо, як сказала палітык, Беларусь усё яшчэ не свабодная — яна знаходзіцца пад дыктатарскім кіраваннем і пад расійскім уплывам:
— Лукашэнка спрабуе сцерці нашу ідэнтычнасць. Ён саджае ў турму тых, хто кажа праўду. Ён хоча, каб свет забыўся пра Беларусь. Але мы не дазволім гэтаму здарыцца, бо Беларусь — гэта не Лукашэнка. Беларусь — гэта яе народ. Гэта смелыя людзі, моцныя людзі, людзі, якія змагаюцца кожны дзень; людзі, якія трапляюць у турмы за падтрымку Украіны. Нават цяпер за кратамі застаецца больш за тысячу палітычных зняволеных.
Святлана Ціханоўская нагадала, што лёс Беларусі і Украіны пераплецены.
— Свабодная Украіна азначае свабодную Беларусь. А свабодная Беларусь азначае больш бяспечную Еўропу, — заявіла яна. — Дарагія сябры, дзе б вы ні былі сёння, у Вільні, Варшаве, Таронта, Берліне, Кіеве станьце разам. Падніміце наш бел-чырвоны-белы сцяг. Далучайцеся да мітынгаў. Гаварыце пра Беларусь. Выкарыстоўвайце свой голас.
Палітык таксама падзякавала ўсім, хто падтрымліваў і надалей падтрымлівае беларусаў на працягу многіх гадоў, як словамі, так і дзеяннямі.
— Жыве Беларусь!, — завяршыла свой зварот Святлана Ціханоўская.
Прэс-служба Святланы Ціханоўскай/аз