Беларуская Служба

Зянон Пазьняк: Дзень Волі яднае беларускую нацыю

25.03.2026 08:05
Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у 1918 годзе стала перамогай беларускай нацыянальнай ідэі  — заявіў кіраўнік руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк.
Зянон Пазьняк выступіў з віншаваннямі на Дзень ВоліScreenshot z Youtube

25 сакавіка дэмакратычна настроеная частка насельніцтва Беларусі святкуе Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у 1918 годзе. Палітык апублікаваў відэазварот з віншаваннем з гэтай нагоды ў сваім тэлеграм-канале.

Такія святы, як 25 сакавіка, «яднаюць беларускую нацыю і салідарнасць незалежна ад таго, да якіх партый адносяцца людзі і як ставяцца да розных рэчаў», падкрэсліў Зянон Пазьняк.

Гаворачы аб падзеях 108-гадовай даўніны, палітык зазначыў: «Была створана дзяржава — БНР. Але рускія бальшавікі, якія напалі на Беларусь, не далі магчымасць развіцца [ёй]. Але незалежнасць незнішчальная. Ужо адбылося нараджэнне, ужо адбылася дэкларацыя, ужо было засведчана, што Беларусь ёсць і будзе».

Цяпер «беларусы ваююць за Украіну, і вырашаецца лёс не толькі незалежнасці Украіны, але незалежнасці Беларусі і фактычна лёс усёй Усходняй Еўропы», лічыць Пазьняк.

— Расійская чума павінна быць знішчана, гэта чума, якая пагражае ўсяму свету – Беларусі, Украіне, усёй Еўропе, — сказаў ён. — Змагайцеся, браты, змагайцеся, і перамога будзе за намі. Віншую нас усіх з вялікім святам, з нашымі надзеямі, таму што толькі там, у Беларусі, свеціць наша светлая зорка, толькі там наш дом, там наша шчасце, — падкрэсліў палітык.

У Беларусі Дзень Волі афіцыйна не адзначаецца. Святкаванне праходзіць у Польшчы, Літве, ЗША і іншых краінах. Следчы камітэт, як і ў мінулыя гады, пагражае удзельнікам святкавання Дня Волі за мяжой крымінальным пераследам і канфіскацыяй маёмасці, паведамляе «Позірк».

Крыніца: Зянон Пазьняк/«Позірк»/юл