Беларуская Служба

Невядомыя праз інтэрнэт шукалі каго наняць з мэтай зрабіць здымкі мітынга і шэсця на Дзень Волі ў Вільні

25.03.2026 13:14
За здымкі і відэа абяцалі 100 долараў на картку або на крыптагаманец. 
.
.Фота: Ірына Міхеева, Суполка беларусаў Уроцлава

У некаторых віленскіх беларускіх суполках у Тэлеграме з’явіліся правакацыйныя аб’явы пра пошук асобаў, гатовых за грошы зняць фота і відэа ўзгодненага з уладамі Вільні мітынгу і шэсця 25 сакавіка, паведамляе Свабода.

Людзей шукалі для ўдзелу ў «масоўцы» каля 18-й гадзіны на Лукішскім пляцы і каля 19:30 каля амбасады Беларусі ў Літве. За здымкі фота і відэа абяцалі 100 долараў на картку або на крыптагаманец. Арганізатары набору людзей прапаноўвалі гэтую плату за тое, што ахвочыя здымуць на свае тэлефоны і камеры «як мага больш людзей», «пабольш людзей», зафіксуюць «праход калоны ад першых удзельнікаў да тых, хто замыкае».

Паведамленні рассылалі на рускай мове. Пазней у адным з паведамленняў напісалі, што «масоўку набралі».

Вядома, што раней спецслужбы Беларусі шукалі выканаўцаў для таго, каб рабіць здымкі розных акцыяў і імпрэзаў ў дні нацыянальных святаў, якія адзначаюцца  за мяжой. І ўсё гэта дзеля таго, каб запалохаць удзельнікаў такіх акцый.

Свабода/ав