Украінскі бок і беларускія дэмакратычныя сілы вызначаюць новыя даты магчымага візіту ў Кіеў кіраўніцы АПК Святланы Ціханоўскай, даведаўся «Белсат» на рэгіянальным форуме аб бяспецы «Шлях да Волі», які праходзіць у Кіеве.
У кулуарах форуму ўдзельнікі з боку ўкраінскага МЗС падзяліліся, што кантакты наконт візіту працягваюцца.
Чаму візіт не адбыўся да Дня Волі, пра які ішлі размовы напярэдадні? Паводле суразмоўцаў, на гэта не паўплывалі лагістычныя ці палітычныя пытанні.
— Гэта працоўныя пытанні ўзгаднення, пацверджання графікаў — і ўсё. Былі заявы дарадцы прэзідэнта Украіны, Офісу прэзідэнта Украіны, што візіт адбудзецца. Адбудзецца тады, калі для гэтага будуць спрыяльныя абставіны.
На форуме ў Кіеве сёння прысутнічаюць некалькі прадстаўнікоў АПК, сярод іх — Вадзім Кабанчук, Вольга Зазулінская, Маргарыта Ворыхава. Паводле суразмоўцаў з украінскага ведамства, «іх радыя бачыць і разумеюць сімвалічнасць дня правядзення — Дзень Волі».
Ціханоўская спадзявалася наведаць Кіеў 25 сакавіка — у Дзень Волі. У межах візіту яна мела сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Белсат/ав