Заяўленая сума збору складае 250 тыс. еўра.
Пры адкрыцці збору ўвечары 19 сакавіка BySol паведаміў пра намер выплаціць кожнаму вызваленаму па 1 тыс. еўра.
— Гэтыя грошы дапамогуць перажыць першыя тыдні пасля вызвалення: знайсці часовае жыллё, купіць адзенне і лекі, аднавіць дакументы. Збор будзе актыўны да 31 сакавіка 2026 года, пасля чаго мы пачнём выплаты, — гаворыцца ў паведамленні фонду.
У выніку сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй 19 сакавіка ў Мінску Аляксандр Лукашэнка памілаваў 250 вязняў, з якіх 235 засталася ў Беларусі, а 15 былі вывезеныя ў Літву (некаторыя пасля адправіліся ў Польшчу).
Аб зняцці амерыканскіх санкцый з ААТ «Белінвестбанк», ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» і Міністэрства фінансаў паведаміла па выніках перамоў прэс-служба Лукашэнкі.
Позірк/яс