Беларуская Служба

Украінская разведка: Масква хоча ўзмацніць уплыў у Беларусі праз перасяленне расіян

28.03.2026 13:02
Апошнім часам у сеціве асабліва актыўна сталі з'яўляцца паведамленні ад грамадзян Расіі, якія разглядаюць пераезд у Беларусь.
Расійскія пашпартыфота: Shutterstock/GIOIA PHOTO

Служба знешняй разведкі Украіны заявіла, што Расія плануе ўзмацніць свой уплыў у Беларусі праз арганізаваны пераезд расійскіх грамадзян.

Паводле ацэнкі разведведамства, з пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны каля 90% міграцыйнага патоку ў Беларусь складаюць расіяне. Масква, як сцвярджаецца, свядома стварае ўмовы, каб заахвоціць да пераезду частку грамадства – перадусім больш памяркоўных і ліберальных грамадзян, паведамляе «Белсат».

«Масква актыўна стварае перадумовы для перасялення лаяльных грамадзян у Рэспубліку Беларусь – і робіць гэта планамерна, з прыцэлам на будучыню. Гаворка ідзе пра ўмераных прадстаўнікоў расійскага грамадства, а не прапуцінскіх актывістаў. У іх ёсць шанец паспяхова асімілявацца на чужой, але не варожай тэрыторыі і, пры неабходнасці, пераўтварыцца ў крытычную масу «карэннага рускага насельніцтва ў Беларусі» – таго, якое будзе мець патрэбу ў абароне з-за неабходнасці вывучэння беларускай мовы. Сцэнар вядомы, інструменты таксама», – гаворыцца ў паведамленні Службы знешняй разведкі Украіны.

Згодна з паведамленнем, Расія не можа адкрыта перасяляць людзей у Беларусь, таму выкарыстоўвае іншы механізм – узмацняе ўнутраны ціск. Сярод інструментаў называюцца заканадаўчыя абмежаванні, крымінальная адказнасць за выказванні, звязаныя з гісторыяй, блакаванне інтэрнэт-рэсурсаў, пераслед за «фэйкі» пра армію, а таксама адсутнасць палітычнай канкурэнцыі.

Адначасова Беларусь падаецца ў інфармацыйнай прасторы як адносна бяспечная і зразумелая альтэрнатыва для пераезду – блізкая культурна і геаграфічна.

На думку ўкраінскай разведкі, такім чынам Масква імкнецца адначасова вырашыць дзве задачы: пазбавіцца ад часткі крытычна настроеных грамадзян і замацаваць доўгатэрміновы ўплыў на Беларусь.

Апошнім часам у сеціве асабліва актыўна сталі з'яўляцца паведамленні ад грамадзян Расіі, якія разглядаюць пераезд у Беларусь. Яны задаюць пытанні тым, хто ўжо мае такі досвед. Варта адзначыць, што з боку беларусаў гэта часта сустракае слоўнае супраціўленне ў каментарах пад пастамі.

вс