Прымаючы ў сябе пасля перамоў са спецпасланнікам ЗША прыдворную прэсу, Лукашэнка заявіў аб тым, што нібыта Меланія Трамп папрасіла яго перадаць Пуціну спіс украінскіх дзяцей, вывезеных у Расію, аб чым згадвае «Салідарнасць».
— Просіць мяне, каб пры сустрэчы з Уладзімірам Пуціным я перадаў гэты спіс, пагаварыў з ім, каб мы знайшлі ў Расіі гэтых дзяцей, якія ўцяклі ад вайны, хутчэй за ўсё. Знайшлі і аддалі Украіне, калі дзеці гатовыя і там гатовыя іх узяць на ўтрыманне. Гэта ж не проста Зяленскаму аддаць. Яму пофіг гэтыя дзеці. Калі б былі патрэбны, дык даўно б ужо скончыў гэтую вайну.
Прагучала гэта максімальна цынічна. І не толькі таму, што вельмі хутка першая лэдзі ЗША адкрытым тэкстам назвала словы аб просьбе хлуснёй.
Цынічна не толькі таму, што ў момант, калі з-пад завалаў атакаванага радзільнага дома ў Івана-Франкоўску даставалі целы маладога бацькі і яго нованароджанай дачкі, Лукашэнка спакойна гладзіў шпіца на хакейных трыбунах. У той дзень расіяне запусцілі па ўкраінскіх гарадах рэкордную колькасць прылад забойства.
Словы кіраўніка Беларусі гучаць цынічна і таму, што ніякім клопатам пра дзяцей у іх і не пахне. Гэта агучанае ім пасланне Крамля: капітулюй — і вашыя дзеці перастануць паміраць. Не — тады мы працягнем.
І яны працягваюць забіваць дзяцей: 29 сакавіка ад дронаў і бомбы загінулі 13-гадовы хлопчык і дзяўчынка.
нг