Дзве сотні расійскіх вайскоўцаў, у тым ліку ўдзельнікаў вайны супраць Украіны, змогуць бясплатна прайсці санаторна-курортнае лячэнне ў Беларусі ў 2026 годзе. Рашэнне прыняла конкурсная камісія Пастаяннага камітэта так званай Саюзнай дзяржавы 20 сакавіка ў Маскве — вынікае з расследавання Радыё Свабода.
Паводле афіцыйных дакументаў, у чатырох санаторыях — трох беларускіх і адным расійскім — размесцяць 361 чалавека. З іх 201 пуцёўка прызначаная для беларускіх устаноў: 155 — у Лепельскім вайсковым санаторыі, 26 — у баранавіцкім «Чабарку» і 20 — у мінскім «Сасновым бары». Фінансаванне — з бюджэту Саюзнай дзяржавы, які фарміруецца з унёскаў Беларусі і Расіі. На праграму прадугледжана каля 33 з паловай мільёнаў расійскіх рублёў.
Раней бясплатныя пуцёўкі выдавалі толькі ветэранам Другой сусветнай вайны. Але ў лістападзе 2022 года ў дакументы ўнеслі змены: да катэгорыі атрымальнікаў дадалі «ветэранаў баявых дзеянняў». Такім чынам права на аздараўленне атрымалі і ўдзельнікі так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі».
Сярод абавязковых паслуг — дыягностыка, рэабілітацыя, культурныя мерапрыемствы і экскурсіі «па месцах баявой славы». Санаторыі таксама павінны арганізаваць дастаўку гасцей і тэматычныя імпрэзы Саюзнай дзяржавы.
Раней беларускія і расійскія медыя ўжо паведамлялі пра рэабілітацыю ў Лепелі вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў баях ва Украіне. Частка з іх, паводле публікацый, пасля лячэння вяртаецца на фронт.
Расійскія рэгіёны таксама дамаўляюцца з беларускім бокам пра пашырэнне такіх праграм. У прыватнасці, улады Ленінградскай вобласці заяўлялі пра намер накіроўваць на рэабілітацыю ў Беларусь да 800 чалавек штогод.
нг