Беларуская Служба

Як школьнікі ў Беларусі ўспрымаюць вайну супраць Украіны? Па словах педагога, пераважна асуджаюць

08.04.2026 12:04
Тэрмін «СВА», а таксама лозунгі кшталту «Данбас наш» або «Расія пераможа» гучаць хіба што ад дарослых.
.     .
Ілюстрацыя. Сімвал расійскіх акупантаў ва Украіне. Фота: Getty Images

Школьнікі ў Беларусі ў большасці не падтрымліваюць вайны Расіі супраць Украіны і не прымаюць афіцыйнай расійскай рыторыкі. Пра гэта распавёў педагог адной са школ Гомельскай вобласці ў размове з выданнем «Флагшток».

Паводле яго слоў, падлеткі застаюцца прамалінейнымі і адкрыта гавораць пра тое, што бачаць і чуюць, нават нягледзячы на негалосную забарону абмяркоўваць вайну ў школах. Дзеці расказваюць пра палёты дронаў, верталётаў, перамяшчэнне тэхнікі. Калі хтосьці з іх сваякі пацярпеў або загінуў — з украінскага ці расійскага боку — яны эмацыйна гэта перажываюць.

Пры гэтым, адзначае суразмоўца, ён амаль не чуў ад вучняў выказванняў у падтрымку вайны. Тэрмін «СВА», а таксама лозунгі кшталту «Данбас наш» або «Расія пераможа» гучаць хіба што ад дарослых — настаўнікаў ці бацькоў. Сярод дзяцей, наадварот, пераважаюць асуджэнне і неразуменне таго, чаму Беларусь уцягваецца ў канфлікт.

Разам з тым школьнікі сутыкаюцца з жорсткім ваенным кантэнтам у сацыяльных сетках — у TikTok і Telegram. Асабліва актыўна такі кантэнт распаўсюджваўся некалькі гадоў таму, у перыяд папулярызацыі прыватных вайсковых структур. Аднак нават гэта, паводле педагога, не прывяло да адкрытай дэманстрацыі сімволікі або падтрымкі вайны ў школах — у тым ліку з-за цесных сувязяў многіх сем’яў з Украінай.

Што да пазіцыі педагогаў, то ў 2022 годзе ім рэкамендавалі не абмяркоўваць вайны з вучнямі і «не акцэнтаваць увагі» на падзеях. Але, як адзначае суразмоўца, ігнараваць рэальнасць цяжка, калі баявыя дзеянні адчуваюцца нават у памежных рэгіёнах.

нг

Расія масіравана атакуе Украіну ракетамі і беспілотнікамі, між іншым, жылыя дамы

03.04.2026 11:05
Адзін з БПЛА трапіў у жылы шматпавярховы дом.