Беларускія ўлады прызналі «прадукцыю» Рускай службы BBC экстрэмісцкімі матэрыяламі і заблакавалі доступ да сайта медыя ўнутры краіны. Адпаведнае рашэнне з’явілася ў спісе Міністэрства інфармацыі 25 сакавіка.
Што гэта азначае для чытачоў у Беларусі, растлумачыў юрыст і кіраўнік прававога цэнтра Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў. Паводле яго слоў, за лайкі, рэпосты, каментары, падпіску на старонкі і рассылкі BBC, а таксама за наяўнасць праграмы на смартфоне можа пагражаць штраф або да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пры гэтым, адзначае юрыст, адказнасць магчымая нават за дзеянні, зробленыя некалькі гадоў таму — «пост два гады таму, лайк пяць гадоў таму».
Агееў падкрэслівае, што вызначэнне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у заканадаўстве трактуецца вельмі шырока, а практыка прымянення носіць канвеерны характар: затрыманне, пратакол, суд, арышт. Паводле яго, гаворка ідзе не толькі пра асобныя матэрыялы, але і пра кантэнт BBC у цэлым, калі гэта пазначана ў судовым рашэнні.
З 2020 года сотні незалежных медыя ў Беларусі былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, а частка — экстрэмісцкімі фарміраваннямі, што ўжо цягне крымінальную адказнасць.
У заяве BBC адзначыла, што адхіляе рашэнне беларускіх уладаў і выказала занепакоенасць яго наступствамі для аўдыторыі ў Беларусі, падкрэсліўшы сваю прыхільнасць да прынцыпаў незалежнай журналістыкі.
нг