Склады, якія захоўваюць надзвычайныя запасы прадуктаў харчавання, паліва і іншых тавараў, будуць перамяшчацца далей ад мяжы з Беларуссю, паведамілі ў Нацыянальным цэнтры кіравання крызісамі ў Літве (літ.: Nacionalinis krizių valdymo centras, NKVC), які цытуе LRT.
- Вядома, працэсы будаўніцтва і праектавання займаюць гады, але 2027 год – гэта ўжо апошні этап перамяшчэння рэзерваў з небяспечных зон, – заявіў кіраўнік Бюро планавання Цэнтра Аўрымас Гушчус на сустрэчы з Камітэтам па бюджэце і фінансах Сейма Літвы. – Шэсцьдзесят працэнтаў рэзерваў, якія захоўваюцца на складах паблізу мяжы з Беларуссю, ужо перамяшчаюцца ў цэнтральную Літву. Рэзервы грамадзянскай абароны, якія знаходзяцца пад кіраўніцтвам Дэпартамента пажарнай і выратавальнай службы, будуць перамяшчацца ў 2027 годзе, як толькі будуць пабудаваны два новыя склады ў цэнтральнай і паўночнай Літве, – дадаў чыноўнік.
Нагадваем, дзяржаўныя рэзервы выкарыстоўваюцца ў надзвычайных сітуацыях або крызісах, а таксама ў выпадку мабілізацыі або аб'яўлення надзвычайнага становішча або вайны. Паводле звестак Дзяржаўнага аўдыту, у перыяд з 2022 па 2025 год на назапашванне і кіраванне рэзервамі ў Літве было выдаткавана 12,6 млн еўра.
Сума сродкаў у рэзервах, а таксама віды, колькасць і месцы захоўвання запасаў зʼяўляюцца сакрэтнай інфармацыяй.
Новы склад дзяржаўных рэзерваў будзе пабудаваны каля аэрапорта ў горадзе Шаўлі, на поўначы Літвы, за амаль 2,3 млн еўра. Кантракт быў падпісаны ў канцы лютага, а будаўніцтва новага склада, плошчай амаль 2 000 кв. М, павінна быць завершанае да лета 2027 года. Акрамя таго, вядзецца падрыхтоўка да будаўніцтва яшчэ аднаго склада дзяржаўных рэзерваў, хоць яго месцазнаходжанне не раскрываецца.
аз