Паліцыянты з Падляшша затрымалі двух мужчын – грамадзяніна Польшчы і грамадзяніна Беларусі – членаў злачыннай групоўкі, якая займалася кантрабандай незаконных цыгарэтаў з дапамогай паветраных шароў, паведамляе Падляскі аддзел паліцыі.
Усяго функцыянеры канфіскавалі больш за 7,5 тысячы ўпаковак кантрабандных цыгарэтаў.
Пракурор акруговай пракуратуры ў Беластоку прад'явіў мужчынам восем абвінавачванняў, сярод іншага, ва ўдзеле ў злачыннай групоўцы і мытнай кантрабандзе, а таксама ў парушэнні забароны на падтрымку агрэсіі супраць Украіны.
Суд пастанавіў, што 24-гадовы паляк і 36-гадовы беларус правядуць наступныя тры месяцы пад вартай. Ім пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Паводле пракуратуры, мужчыны ператварылі злачынную дзейнасць у рэгулярную крыніцу даходу. Яны ўдзельнічалі ў набыцці абсталявання для вырабу паветраных шароў, а таксама ў самых кантрабандных дзеяннях. Акрамя таго, яны ўдзельнічалі ў зборы незаконных цыгарэт з месцаў пасадкі паветраных шароў, іх перагрузцы і транспарце ў месцы захоўвання і продажу.
Кантрабандныя цыгарэты, якія канфіскавалі супрацоўнікі паліцыі, захоўваліся ў гаражы, аўтамабілі і доме аднаго з абвінавачаных.
Выпуск канфіскаванага тавару на рынак прычыніў бы страту Дзяржаўнай казне Польшчы ў памеры 270 тысяч злотых у выглядзе нявыплачаных падаткаў.
Супрацоўнікі паліцыі таксама канфіскавалі больш за 20 тысяч злотых і 20 тысяч долараў ЗША.
аз