Праваабаронцы назвалі адвольнае прызнанне пашпартоў несапраўднымі часткай дзяржаўнай палітыкі і элементам злачынстваў супраць чалавечнасці паводле кваліфікацыі Міжнародным крымінальным судом.
У сувязі з тым, што сталі вядомыя факты адвольнага прызнання ўладамі Беларусі несапраўднымі пашпартоў былых палітвязняў, прымусова высланых з Беларусі пасля вызвалення ў верасні і снежні 2025 году, кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый выступіла з адмысловай заявай.
Абарона сваіх грамадзян — базавая функцыя і абавязак дзяржавы, нагадваюць праваабаронцы.
Артыкул 10 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сведчыць аб тым, што «грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі».
Пашпарт з'яўляецца адной з праяў суверэнітэту дзяржавы і пацвярджае гарантыю абароны грамадзяніна дзяржавай як на сваёй тэрыторыі, так і за мяжой.
— Асабліва падкрэсліваем, што пашпарт — гэта не проста адміністрацыйны дакумент, але пацверджанне юрыдычнай і сацыяльнай ідэнтычнасці чалавека. Нягледзячы на тое, што адсутнасць сапраўднага пашпарту дэ-юрэ не цягне страту грамадзянства, яно стварае сітуацыю фактычнага безграмадзянства, закранае годнасць чалавека і перашкаджае рэалізацыі яго шматлікіх базавых правоў, уключна з правам на роўны зварот, на прызнанне правасуб’ектнасці, на свабоднае перамяшчэнне, на неўмяшанне ў асабістае, сямейнае жыццё, права ўступаць у шлюб і засноўваць сям’ю і права ўласнасці.
У заяве праваабаронцы адсылаюцца да адпаведных артыкулаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія парушаюцца такімі падыходамі. Таксама яны мяркуюць, што адвольнае прызнанне несапраўднымі пашпартоў людзей, якія пераследуюцца паводле палітычных прычынаў, зʼяўляецца не проста адмовай дзяржавы ад абароны сваіх грамадзян, але наўмысным злоўжываннем уладай з боку дзяржаўных органаў, што закліканыя забяспечваць абарону правоў грамадзян.
— Гэта дадатковыя рэпрэсіўныя захады, а таксама новая практыка ў кантэксце трансгранічных рэпрэсій, у дачыненні людзей, якія ўжо зазналі адвольнага крымінальнага пераследу і панеслі несправядлівае пакаранне за рэалізацыю сваіх законных правоў і свабодаў, – пішуць праваабаронцы.
Свабода/ав