Беларуская Служба

Ва Украіне адрэагавалі на заяву Лукашэнкі аб падрыхтоўцы да вайны

16.04.2026 10:12
У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны заявілі, што пакуль не назіраюць вайсковай актыўнасці з боку Беларусі ў кірунку мяжы з Украінай.
Уладзімір ЗяленскіPAP/EPA/ANGELO CARCONI

— Мова вялася пра тое, што яны там рыхтуюцца да вайны, але фактычна гэта зноў перакладванне адказнасці на іншых. То бок Беларусь і Лукашэнка, у прыватнасці, гавораць пра тое, што ім нешта пагражае або з краін Еўропы, або з боку Украіны, хоць ніводная краіна не выказвала агрэсію да Беларусі. Пры гэтым, якраз Беларусь падтрымлівае краіну-агрэсарку, у тым ліку, у інфармацыйным полі. Лукашэнка не спыняе нагнятаць, магчыма, каб прыцягваць увагу да сваёй персоны, — сказаў спікер украінскіх памежнікаў Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.

Паводле яго, пакуль «нейкай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку, у кірунку мяжы з Украінай не фіксуюць».

— Вядома ж, гэты кірунак для нас застаецца пагрозлівым, бо пакуль Беларусь будзе падтрымліваць Расію, мы павінны быць гатовыя да развіцця любых сітуацый, таму і працягваем нарошчваць нашыя абарончыя магчымасці па ўсёй працягласці мяжы з Беларуссю, а гэта — больш за тысячу кіламетраў ад Валыні да Чарнігаўшчыны, — дадаў Андрэй Дземчанка.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з удзелам больш за 300 вайскоўцаў 1 красавіка заявіў, што Беларусь рыхтуецца да вайны.

— Ніякага мірнага часу быць не можа. Мы рыхтуемся да вайны. І ў гэтай аўдыторыі, і не толькі ў гэтай, людзі павіны разумець — мы абсалютна супраць вайны. Асабліва нашы афіцэры, нашы салдаты, Узброеныя сілы. Таму што мы ведаем, што такое вайна, — сказаў Лукашэнка.

Свабода/ав