Беларуская Служба

У 2025 годзе ў Беларусі захоўваліся сур’ёзныя абмежаванні правоў чалавека – Amnesty International

22.04.2026 12:11
У дакладзе Беларусь трапіла ў адну кампанію з Афганістанам, Буркіна-Фасо, Венесуэлай, Кітаем, Кубай, Малі, М’янмай, Нікарагуа, Пакістанам, Паўночнай Карэяй, Расіяй і Угандай.
Amnesty International
Amnesty InternationalDavid Esser/ Shutterstock

У 2025 годзе ў Беларусі «па-ранейшаму сур’ёзна абмяжоўваліся» правы на свабоду выказвання меркавання, сходаў і аб’яднанняў, гаворыцца ў раздзеле даклада «Правы чалавека ў сучасным свеце», які ў красавіку 2026-га апублікавала міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International. Пра гэта паведамляе партал «Позірк».

— Урад спрабаваў спыняць дзейнасць рэлігійных меншасцяў з дапамогай абавязковай і непразрыстай працэдуры рэгістрацыі, — адзначана ў дакуменце. — Судовая сістэма выкарыстоўвалася для падаўлення іншадумства. Катаванні ды іншыя віды жорсткага абыходжання мелі паўсюдны характар, а вінаватыя заставаліся беспакаранымі. Улады жорстка абыходзіліся з уцекачамі і мігрантамі. Абавязацельствы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя па-ранейшаму былі нязначнымі ці ўвогуле адсутнічалі.

Праваабаронцы заявілі, што летась у студзені «дзейсны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка перамог на чарговых выбарах», якія прайшлі «ў атмасферы ўсеагульнага страху і рэпрэсій».

Беларусь пад яго кіраваннем «захавала шчыльныя палітычныя, эканамічныя і вайсковыя сувязі з Расіяй — праз размяшчэнне на сваёй тэрыторыі расійскіх вайскоўцаў і правядзенне сумесных вайсковых вучэнняў». Сітуацыя, калі «Польшча і Літва закрылі свае межы з Беларуссю на некалькі тыдняў, абгрунтаваўшы гэта меркаваннямі бяспекі і праблемай кантрабанды цыгарэт з Беларусі з дапамогай паветраных шароў», прывяла «да значных эканамічных цяжкасцей».

— Працяглая міграцыя, у тым ліку выкліканая рэпрэсіямі пасля спрэчных выбараў 2020 года, пагаршала недахоп працоўнай сілы. Улады працягвалі дамагацца вяртання мігрантаў, адмаўляючы ім у консульскіх паслугах за мяжой, — гаворыцца ў дакуменце.

У той жа час «адчуванне міжнароднай ізаляцыі ў Беларусі аслабла пасля дыпламатычных крокаў з боку ЗША, у тым ліку зняцця некаторых санкцый, што, на агульную думку, было зроблена ў абмен на вызваленні вязняў».

У раздзеле пра «карныя і аўтарытарныя практыкі, рэпрэсіі супраць іншадумцаў» агульнага агляду сітуацыі ў свеце Беларусь — разам з Афганістанам, Буркіна-Фасо, Венесуэлай, Кітаем, Кубай, Малі, М’янмай, Нікарагуа, Пакістанам, Паўночнай Карэяй, Расіяй і Угандай — названая краінай, улады якой летась «выкарыстоўвалі гвалтоўныя знікненні ў дачыненні да праваабаронцаў, актывістаў, журналістаў ды іншых людзей» — у якасці «сродку запалохвання».

вс