Беларуская Служба

У ПАСЕ заклікалі беларускі рэжым да адмены смяротнага пакарання

23.04.2026 08:00
Украінскі дэпутат звярнуў увагу на тое, што многія з прадстаўленых у ПАСЕ краін нават не ўвялі ніякіх санкцый супраць Беларусі. 
ПАСЕZPRE/coe.int/Cathérine Monfils

Прыняць крокі для адмены смяротнага пакарання заклікалі Мінск удзельнікі дэбатаў «На шляху да ўсеагульнай адмены смяротнага пакарання пры любых абставінах» 22 красавіка ў Страсбургу (Францыя) у рамках вясновай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ), паведамляе Pozirk.

Як адзначыла падчас дэбатаў прадстаўнік Нідэрландаў у ПАСЕ і генеральны дакладчык па пытанні адмены смяротнага пакарання Гала Велдхун, праект адпаведнай рэзалюцыі заклікае ЗША і Японію неадкладна ўвесці мараторый і распачаць неабходныя крокі для адмены смяротнага пакарання на заканадаўчым узроўні. Паводле яе слоў, «аналагічны заклік звернуты да беларускага рэжыму».

Прадстаўнік Украіны Аляксей Ганчарэнка падкрэсліў: «прама тут, на нашым кантыненце, ёсць краіна пад назвай Беларусь, дзе людзей забіваюць сёння (...) У іх ёсць смяротнае пакаранне. Яны забіваюць людзей. І нічога не адбываецца».

Украінскі дэпутат звярнуў увагу на тое, што многія з прадстаўленых у ПАСЕ краін нават не ўвялі санкцыі супраць Беларусі. «Яны паціскаюць рукі Аляксандру Лукашэнку, яго прадстаўнікам», — падкрэсліў Аляксей Ганчарэнка.

яс