11–17 траўня 2026 года адбудуцца выбары ў Каардынацыйную Раду чацвёртага склікання. У сваім відэазвароце кіраўнічка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская, заклікала ўважліва азнаёміцца з кандыдатамі і іх праграмамі і зрабіць свой выбар.
— Людзі, якія вырашылі балатавацца ў Каардынацыйную Раду, зрабілі свядомы выбар. Яны разумелі, з чым сутыкнуцца: ціск, пагрозы, рызыкі. І ўсё роўна яны выбралі балатавацца. І гэта выклікае шчырую павагу, — сказала Святлана Ціханоўская. — Беларусь будуецца ў кожным рашэнні, у кожным выбары, — дадала палітык. — І Каардынацыйная Рада будзе такой, якой мы яе зробім. Цяпер, на гэтым этапе выбарчай кампаніі, асабліва важна не спяшацца, а ўважліва пазнаёміцца са спісамі, з людзьмі, якія ідуць у Каардынацыйную Раду, і са зместам іх праграмаў. Бо свядомы выбар пачынаецца з разумення, — заявіла Святлана Ціханоўская.
Паводле яе, «чым лепш мы ведаем, за каго і за што галасуем, тым мацнейшай будзе нашая агульная пазіцыя». Кіраўнічка Абʼяднанага Пераходнага Кабінета раіць «чытаць, параўноўваць, унікаць у сутнасць і вызначацца — каб наш голас быў не проста голасам, а адказным выбарам для будучыні Беларусі».
Нагадваем, створаная па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада — гэта кансультатыўны орган, які абʼядноўвае прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і палітычных ініцыятываў з мэтай арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу і забеспячэння згоды ў грамадстве, а таксама для абароны суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
аз