У Вільні адкрыецца інфармацыйны пункт Рады Еўропы, адмыслова скіраваны на грамадзян Беларусі. Пункт будзе дзейнічаць у Нацыянальнай бібліятэцы імя Марцінаса Мажвідаса на працягу пяці гадоў паводле пагаднення паміж Літвой і Радай Еўропы, паведамляе LRT.
Урад Літвы ўжо ўхваліў стварэнне офіса і перадачу ў бязвыплатнае карыстанне памяшкання плошчай каля 24 квадратных метраў. Зараз у ім ідзе рамонт і пераабсталяванне пад патрэбы новага цэнтра. Усе выдаткі на адаптацыю і функцыянаванне бярэ на сябе Рада Еўропы.
Як адзначыла дырэктарка бібліятэкі Аўшра Жылінскене, дагавор можа быць падпісаны ў найбліжэйшыя тыдні. У новым пункце беларусы змогуць атрымліваць інфармацыю пра дзейнасць Рады Еўропы і праграмы падтрымкі грамадзянскай супольнасці.
Ініцыятыва стала вынікам дамоўленасцей, дасягнутых у 2024 годзе паміж МЗС Літвы і кіраўніцтвам Рады Еўропы.
эж