Маладому чалавеку з Санкт-Пецярбурга перашкодзілі ў выездзе з Расіі ў Беларусь, а пазней двойчы адмовілі ў вылеце з Беларусі, стала вядома DW Belarus. Пра гэта паведамляе расійская праваабарончая арганізацыя «Рух свядомых адмоўнікаў», з якой звязаўся прызыўнік. Яго імя не раскрываецца.
Раней яму прыйшла позва з патрабаваннем з'явіцца ў ваенкамат 29 красавіка, адначасова ў электронным рэестры зʼявілася забарона на выезд з Расіі. Спачатку малады чалавек паспрабаваў перасекчы мяжу РФ і Беларусі сухапутным транспартам. На мяжы праверылі ўсіх мужчын, а яго знялі з рэйса, вусна паведаміўшы аб забароне на выезд. Другі раз ён паехаў праз Смаленск на цягніку, дзе праверак не было, але ўжо ў аэрапорце Мінска 23 красавіка яго не прапусцілі на рэйс у Тбілісі. 25 красавіка яму адмовілі ўжо ў выездзе па ўнутраным пашпарце ў Ерэван.
— У гэтай гісторыі некалькі ўнікальных практык, якія мы пакуль што не бачылі: па-першае, прымяненне абмежавання на выезд на сухапутнай мяжы паміж Расіяй і Беларуссю, якая традыцыйна лічыцца бяспечным маршрутам выезду, па-другое, прымяненне абмежавання на выезд у аэрапорце Мінска ў адносінах да грамадзяніна Расіі, што сведчыць аб распачатым абмене звесткамі памежнымі службамі дзвюх дзяржаў, — адзначае «Рух свядомых адмоўнікаў».
яс