Беларуская Служба

Вызвалены польскі манах-кармеліт Гжэгаж Гавэл

28.04.2026 17:00
Ён належыць да супольнасці манастыра кармелітаў базілікі Наведвання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Кракаве.
Гжэгаж ГавэлFoto: t.me/christianvision

У ліку асуджаных, якіх Польшча і іншыя дэмакратычныя краіны вызвалілі ў рамках абмену з Беларуссю і РФ па схеме «пяць на пяць» апрача журналіста, актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута быў таксама манах-кармеліт Гжэгаж Гавэл, паведамляе «Позірк» са спасылкай на ініцыятыву «Хрысціянская візія».

Прэзідэнт Малдовы Мая Санду паведаміла пра вызваленне ў рамках згаданай схемы двух суайчыннікаў. У Беларусь перададзены расійскі археолаг Аляксандр Буцягін, арыштаваны ў Польшчы па запыце Украіны за раскопкі ў анексаваным Крыме, і былы намеснік Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы Аляксандр Балан, які працаваў на беларускі КДБ.

Манах ордэна кармелітаў Гавэл належыць да супольнасці манастыра кармелітаў базілікі Наведвання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Кракаве.

Пра затрыманне ў Лепелі (Віцебская вобласць) грамадзяніна Польшчы, які нібыта збіраў сакрэтную інфармацыю для спецслужбаў сваёй краіны, сцвярджалася ў сюжэце дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1», які выйшаў у эфір 4 верасня 2025 года.

Паведамлялася, што супрацоўнікі КДБ затрымалі жыхара Кракава Гжэгажа Гавэла 1998 года нараджэння. Нібыта той праз сацыяльныя сеткі ўсталяваў кантакт з грамадзянінам Беларусі і прапанаваў яму супрацоўніцтва ў інтарэсах польскіх спецслужбаў.

Сцвярджалася, што супрацоўніцтва заключалася ў канспіратыўным зборы і наданні закрытай інфармацыі, звестак пра камандны склад, а таксама пра супрацоўнікаў беларускай ваеннай контрразведкі. Атрыманыя даныя Гавэл нібыта перадаваў польскім сілавікам.

У прыватнасці, сакрэтныя звесткі пра ваенныя аб’екты Беларусі ён збіраў для Агенцтва ўнутранай бяспекі, а за перадачу патрэбных даных абяцаў не названаму ў рэпартажы беларусу штомесячнае грашовае ўзнагароджанне.

Адзначалася, што супрацоўнікі беларускай контрразведкі затрымалі іншаземца, як толькі ён атрымаў сакрэтны дакумент: у рэпартажы была прадэманстравана раздрукоўка на 8 старонках фармату А4 па тэме беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2025».

У дачыненні да грамадзяніна Польшчы была распачата крымінальная справа паводле арт. 358 Крымінальнага кодэкса (шпіянаж). Пра прысуд не паведамлялася.

аз

Святлана Ціханоўская вітае вызваленне Анджэя Пачобута

28.04.2026 14:50
Я неверагодна ўдзячная Польшчы – ураду і народу – за барацьбу за Анджэя, сказала дэмакратычная лідарка Беларусі.