Беларусь заняла 165-е месца са 180 у Сусветным індэксе свабоды прэсы за 2026 год, апублікаваным арганізацыяй «Рэпарцёры без межаў», паведамляе svaboda.org. Краіна апынулася паміж Еменам і М’янмай.
Праваабаронцы адзначаюць, што глабальная сітуацыя са свабодай прэсы пагоршылася да найніжэйшага ўзроўню за апошнія 25 гадоў. Паводле дакладу, больш за палову краін свету (52,2%) маюць «цяжкі» або «вельмі сур’ёзны» стан свабоды СМІ. Журналістыка ўсё часцей крыміналізуецца, а самі журналісты становяцца аб’ектамі пераследу.
У Беларусі, як і ў Расіі, улады выкарыстоўваюць аргументы «нацыянальнай бяспекі» для абмежавання працы медыя. Краіна застаецца адной з самых небяспечных для журналістаў у Еўропе: цяпер за кратамі знаходзяцца не менш за 22 прадстаўнікі СМІ.
«Рэпарцёры без межаў» заклікаюць спыніць крыміналізацыю журналістыкі і ўзмацніць міжнародныя механізмы абароны. Паводле арганізацыі, без рашучых дзеянняў дэмакратый пагроза свабодзе слова будзе толькі ўзрастаць.
эж