Беларуская Служба

Расіяне не хочуць вучыцца ў беларускіх ВНУ 

30.04.2026 18:18
 Пазалетась, калі квоты ўвялі ўпершыню, з тысячы прапанаваных месцаў было выкарыстана толькі каля 30%.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.PublicDomainPictures /pixabay.com/CC0 Public Domain

Беларускія ВНУ скарацілі колькасць бюджэтных месцаў для расійскіх абітурыентаў у 2026 годзе. Паводле Міністэрства адукацыі Беларусі, выдзелена 850 месцаў — на 150 менш, чым летась. Звяртае ўвагу svaboda.org.

Прычына — нізкі попыт. Пазалетась, калі квоты ўвялі ўпершыню, з тысячы прапанаваных месцаў было выкарыстана толькі каля 30%. Таму ўлады вырашылі скарэктаваць аб’ёмы набору.

Расійскія абітурыенты могуць паступаць у беларускія ВНУ без уступных экзаменаў — на падставе вынікаў Адзінага дзяржаўнага экзамену. Мінімальны бал павінен складаць не менш за 70% ад максімальнага. Найбольш запатрабаваныя напрамкі — інжынерныя, ІТ, медыцына, педагогіка і сельская гаспадарка.

У межах саюзных дамоўленасцяў расійскія студэнты маюць амаль тыя ж правы, што і грамадзяне Беларусі: ім гарантуецца інтэрнат, спрошчаны ўезд і прызнанне дыпломаў у Расіі. Пасля заканчэння вучобы за бюджэт яны абавязаны адпрацаваць два гады па размеркаванні.

Цяпер у Беларусі навучаюцца больш за 2 тысячы грамадзян Расіі. У той жа час у Расіі дзейнічае квота для беларусаў — 1300 месцаў, і яна застаецца нязменнай.

эж